Сустрэча ў Глыбокім з Кірылам Стаселькам



У Глыбокім у межах курсаў “Мова нанова” адбылася сустрэча з беларускім празаікам Кірылам Стаселькам. На сустрэчу ў былы будынак суда завітала каля 20 чалавек. Літаратар прэзентаваў свае апошнія дзве кнігі “Marginalis” і “Дзевяць жыццяў Віта Морэ”. Таксама пісьменнік і філосаф адказаў на пытанні прысутных датычных не толькі яго творчасці, але і літаратуры ўвогуле.

Паводле Кірыла Стаселькі, яго вельмі ўразіў змест пытанняў глыбачанаў, ён нават і не чакаў пачуць падобных пытанняў у глыбінцы:

– Было вельмі цікава, асабліва ўлічваючы тое, што я першы раз у гэтым горадзе. І адразу была магчымасць распавесці пра дзве кнігі. Спадабалася мне тое, што было вельмі шмат цікавых і сур’ёзных пытанняў. Вельмі цікавая аўдыторыя, хоць я нават і не чакаў сустрэць тут такія пытанні.

Напрыканцы сустрэчы прысутныя набылі кнігі аўтара з яго аўтографам. Потым усе зацікаўленыя паразмаўлялі з пісьменнікам у нефармальнай абстаноўцы і прааналізавалі пачутае. Наступная сустрэча грамадскіх актывістаў Глыбокага адбудзецца ў наступны чацвер, на якой будуць прэзентаваныя некалькі выданняў “Бібліі” і рэканструяваныя станкі, на якіх у старажытнасці друкаваліся кнігі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя