Сустрэча Віктара Сазонава з чытачамі ў Беластоку
Лепшыя рэцэнзенты – чытачы ў непасрэднай сустрэчы. Віктар Сазонаў у Беластоку ў Склепе з культурай аб’яднання “АБ-БА” распавядаў гісторыі, якія пераносіў на паперу, а таксама тыя, што яшчэ чакаюць выдання. Атмасфера спаткання была насычана гумарам, а на яе прыканцы аўтар падпісваў сваю апошнюю кніжку «Суседскія былі».
– Няма нічога лепей, калі бачыш, як на тваю творчасць рэагуе публіка. Хтосьці можа цябе пахваліць, бо ён твой сябар. Хтосьці можа напісаць гадасць, бо ён твой вораг. Калі ўжывую сустракаешся з людзьмі, бачыш іх рэакцыю – вось гэта без падману.
Удзельнікі сустрэчы:
– Мой бацька пастаянна чытае “Ніву”. І яго самы любімы аўтар – гэта Віктар Сазонаў. Перачытаў усе яго расказы кантрабандыста, я нават адкладаў гэтыя выцінкі з “Нівы” і вяртаўся да іх.
– Сустрэча вельмі цікавая. Пісьменнік захапляе, мае незвычайны дар апавядання.
Мікола Ваўранюк – мадэратар сустрэчы:
– Ён чалавек з адчуваннем нюансаў мовы. Мовы прыгожай, неэнцыклапедычнай. Такіх параўнанняў не ведае і не ўжыў бы той, хто вучыў мову толькі ў школе.
Сустрэча з Віктарам Сазонавым прайшла ў межах дыскусійнага клуба “АБ-БЫ” «Пагаворым пра…».
[Not a valid template]
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара