Сустрэча з хрысціянскай паэзіяй



У менскім выдавецтве “Смэлтак” выйшла з друку кніга хрысціянскай паэзіі Алеся Клышкі “Сустрэча”.

Прадмову да кнігі і слова пра сябра напісалі Сяргей Чыгрын са Слоніма і манах Іаан (Алег Бембель) з Жыровічаў.

Зборнік вершаў Алеся Клышкі ”Сустрэча” прыцягне чытачоў сваім таленавітым духоўна-драматычным і гумарыстычным спалучэннем. Юных і дарослых чытачоў вершы аўтара заставяць думаць, супастаўляць, рабіць вынікі, пазнаваць прыгажосць, мудрасць і сілу, а таксама дапамогуць у хрысціянскім выхаванні. Калі нешта дзеткам падчас чытання гэтай кніжкі будзе незразумела, то ім дапамогуць дарослыя, якія адкажуць на пытанні, каб яны больш актывізавалі думку дзяцей, іх мастацкае мысленне і фантазію.

Пра ўсё гэта шчыра, цёпла, лёгка і зразумела разпавёў у сваім новым зборніку “Сустрэча” Алесь Клышка. І чытаюцца яго духоўныя вершы проста, на адным дыханні, дзе кожнае слоўка зразумелае і пяшчотнае.

Вершы паэт прысвяціў дзеткам і іх бацькам. Кніжка надзвычай арыгінальная і добрая ва ўсіх мастацкіх адносінах.  Дый інакш быць не можа. Бо сама назва яе “Сустрэча” настройвае на добры лад, на мудрасць, на чысціню, на цяпло і сонейка, на сустрэчу са шчырымі людзьмі, прыродай, чалавечымі адносінамі, са святамі і беларускімі традыцыямі.

Тыя вершы ў якіх прысутнічае гумар, вельмі простыя і далікатныя. Паэт у сваіх радках не ўмее крычаць, сварыцца, ён з павагаю адносіцца як да сваіх герояў, так і да чытачоў, якія прачытаюць кніжку.

Зборнік вершаў Алеся Клышкі “Сустрэча” – сваеасаблівы ахоўны духоўны запавед ад суму, ад знямогі, ад болю і сораму, ад зайздрасці і бяды, бо, як піша паэт, нас  “чакае ўсіх, хто паспеў дараваць, нябесная Царская Брама”.

klycskaklycska.1jpeg

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск