Сустрэча з мінулым і сучасным
Для супрацоўнікаў Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа прайшоў факультатыў па краязнаўстве “Сустрэча з мінулым і сучасным”. На мерапрыемства быў запрошаны беларускі паэт, літаратуразнаўца, гісторык, журналіст Сяргей Чыгрын.
Пісьменнік прэзентаваў новую кнігу паэта з Наваградка Самсона Пярловіча “Сэрца замірае ад тугі”, якая нядаўна пабачыла свет у Менску.
У сваім выступленні Сяргей Чыгрын пазнаёміў бібліятэкараў з лёсам Самсона Пярловіча, які ў сваім жыцці прайшоў праз шматлікія выпрабаванні і пакуты, найбольшыя з іх былі – гітлераўскія і сталінскія лагеры.
“Каб ушанаваць памяць пра гэтага чалавека, я вырашыў сабраць яго лепшую літаратурную працу пад адну вокладку. Матэрыял збіраўся шмат гадоў”, – адзначыў Сяргей Чыгрын.
У выданне ўвайшлі вершы паэта, сатырычныя творы і аповесць “Да белых мядзведзяў”, а таксама ўспаміны тых людзей, хто ведаў і сябраваў з Самсонам Пярловічам.
Напрыканцы сустрэчы аўтар падзяліўся планамі на будучыню і падараваў сваю кнігу з аўтографам раённай бібліятэцы. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Сайчык пажадала пісьменніку творчага натхнення і плённай працы, а кнізе “Сэрца замірае ад тугі” – знайсці дастойнае месца сярод лепшых літаратурных выданняў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя