Сустрэць восень паэтычна: плэнэр Тацяны Сапач
Вытанчаныя вершы Тацяны Сапач і магічныя далягляды вёскі Маркава ўжо другі год запар зараджаюць на паэзію маладых аўтараў.
Плэнэр у памяць пра паэтку, жыццё якой трагічна абарвалася ў 2010-м годзе, ладзіць ейная дачка Адэля Дубавец.
Пяць дзён з 22 па 26 жніўня паэты і паэткі будуць жыць у вясковай хаце, дзе прайшло дзяцінства Тацяны і дзе яна калісьці занатоўвала першыя вершаваныя радкі. Паглыбіцца ў магію гэтых мясцінаў, а таксама лепш зразумець творы адной з самых эстэцкіх беларускіх паэтак маладым аўтарам дапамогуць сяброўкі Тацяны – тэолаг Ірына Дубянецкая і спявачка Кася Камоцкая. А падзяліцца ўласнымі вершамі і пачуць аўтарытэтнае меркаванне творцы змогуць на майстар-класе пісьменніка і журналіста Сяргея Дубаўца.
Апроч таго, плэнэр абяцае знаёмства з неардынарнымі жыхарамі навакольных мясцінаў – краязнаўцам Міхасём Казлоўскім і вандроўнікамі ды музыкамі Аўгінняй Манцэвіч і Вераснем, майстраванне дзіцячай кнігі сваімі рукамі, а таксама гутаркі, песні, шпацыры ды іншыя радасці апошніх дзён лета. Кульмінацыяй плэнэру 26 жніўня ў дзень народзінаў Тацяны Сапач стане імпрэза, якая штогод збірае ў вёсцы Маркава літаратараў, музыкаў і мастакоў.