Сусветны паказ неўміручай “Паўлінкі”
Ужо сёння а 19.00 паводле беларускага часу на Ютуб-канале “Купалаўцы” – сусветны паказ неўміручай “Паўлінкі”.
Яго пакажуць прадстаўнікі творчай групы „Свабодныя купалаўцы”. А паказ сусветны, паколькі гэта не проста прэм’ера, а сапраўднае кругасветнае анлайн-падарожжа з шэрагам сюрпрызаў. Адмыслова да прэм’еры падрыхтавалі субцітры на англійскай, французскай, нямецкай, украінскай, польскай, рускай і нават кітайскай мовах. Больш таго, купалаўцы змянілі канцоўку, яна такая, якой яе напісаў Янка Купала.
Пра гэта у нашым эфіры расказаў Алег Гарбуз, які выконвае ролю Адольфа Быкоўскага.
– Зрабілі, што Якімка збягае з Паўлінкай. А цяпер мы вырашылі вярнуцца да таго, што Купала напісаў. Дарэчы, мы ж ведаем, чым скончыўся жыццёвы шлях Купалы. Ён і ў творчасці прадчуваў, што нічога добрага не будзе з-за гэтай улады, каторая прыйшла. Аптымізму ў жыцці ягоным было няшмат. Я не скажу, што будзе сумна, але будзе пра што падумаць гледачам.
Спектакль-легенда, які больш за сем дзесяцігоддзяў жыве на купалаўскай сцэне, з’явіўся ў эвакуацыі ў Томску ў 1944 годзе 23 траўня, у гэты дзень і амаль праз стагоддзе акторы-купалаўцы, якія вымушаныя былі пакінуць сцэну, таксама пакажуць прэм’еру ўжо сёння а 19.00.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Аляксандра Карсакова