Сваю “Слонімшчыну” прэзентаваў Сяргей Чыгрын
У слонімскай кнігарні “Санет” адбылася першая прэзентацыя кнігі Сяргея Чыгрына “Слонімшчына. Гістарычныя нататкі”. На прэзентацыі прысутнічала шмат слонімцаў, а таксама дырэктар дзяржаўнага выдавецтва “Беларусь” Сяргей Пешын і супрацоўніца выдавецтва Анжэла Садоўская, загадчыца аддзела культуры Галіна Данільчык і вядома ж сам аўтар.
Анжэла Садоўская распачала прэзентацыю шчырымі словамі пра Слонім і пра само выданне. Яе словы дапоўніў Сяргей Пешын, які адзначыў, што ў год малой радзімы ёсць мажлівасць выпускаць добрыя гісторыка-краязнаўчыя кнігі пра розныя рэгіёны Беларусі, хаця пра Слонім наогул даўно кніг выдавецтва “Беларусь” не выпускала. І такая мажлівасць сёння надарылася, бо з’явілася цікавая кніжка гістарычных нататкаў пра слонімскую зямлю.
Галіна Данільчык пажадала земляку творчых поспехаў і штогод радаваць беларусаў новымі сваімі кнігамі.
Сяргей Чыгрын шчыра падзякаваў супрацоўнікам выдавецта “Беларусь” за прапанову выдаць кнігу і за аператыўнае яе выданне. Ён распавёў пра шматгадовую працу над кнігай, пра любоў да слонімскай зямлі і яе людзей, пра свае новыя творчыя задумкі, а таксама адказаў на пытанні прысутных.
Падчас прэзентацыі ўсе жадаючыя маглі набыць кнігу ў краме “Санет” і атрымаць ад аўтара аўтографы.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара