“Свет навагодняй урачыстасці” – святочная выстава ў Глыбокім



У Глыбокім наступіла “Чароўная казка” і запаліўся “Свет навагодняй урачыстасці”. Мерапрыемствамі пад такімі назвамі распачаліся зімовыя святы ў горадзе. І хоць апошнім часам на тварах людзей не назіраецца ўсмешак і радасці, але работнікі культуры падчас запальвання гарадской ёлкі змаглі ўзняць настрой дзецям, іх настаўнікам і бацькам. Усе разам спявалі, вадзілі карагоды і гулялі.

А  набыць эксклюзіўныя падарункі для родных і сяброў на выставе “Чароўная казка” прапанавалі майстры Глыбоцкага дома рамёстваў і народнага клуба “Крыніца”.

Па словах малодшага навуковага супрацоўніка Глыбоцкага Дома рамёстваў Таццяны Карнеевай, на выставе прадстаўлены вырабы розных накірункаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якімі займаюцца мясцовыя майстры.

– Выстаўлены экспанаты, які знаходзяцца ў фондах нашага Дома рамёстваў, каб нашыя наведвальнікі паглядзелі, каб да свята падрыхтаваліся эмацыянальна. І частка экспанатаў, якая падрыхтавана для продажу, – гэта сувеніры да свята нараджэння Хрыстова і Новага года.

Калядная выстава ў Глыбоцкім доме рамёстваў будзе працаваць да праваслаўнага Раства. А наперадзе жыхароў горада чакае яшчэ шмат святочных мерапрыемстваў, у тым ліку народны абрад “Калядкі”.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі