Свет пабачыў “Новы замак” гарадзенскіх пісьменнікаў



У менскім выдавецтве “Кнігазбор” з’явіўся літаратурны альманах “Новы замак” за 2017 год гарадзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Гэта ўжо шосты выпуск альманаха. “Новы замак” выйшаў пад рэдакцыяй гарадзенскага літаратара Янкі Трацяка.

Альманах даволі разнайстайны на літаратурныя жанры і ён парадуе ўсіх, хто цікавіцца паэзіяй, прозай, перакладамі, літаратуразнаўствам, эпісталярыем і гумарам. З новымі празаічнымі творамі чытачоў пазнаёмяць Віктар Варанец, Аркадзь Ліцьвін, Анатоль Брусевіч, Валянцін Дубатоўка, Віктар Сазонаў, Міхась Зізюк і Леанарда Юргілевіч.

З “Сінімі вершамі” (трохрадкоўямі) упершыню ў альманаху выступае гарадзенскі літаратар Уладзімір Хільмановіч. Гэта філасофскія радкі пра наша жыццё:

Кволы прамень надвячорка,

Боль слізгануў па мінулым,

Тонкія рысы надзеі.

Альжбета Кеда вынесла на суд чытачоў казкі, якія зацікавяць і дарослых, і юных чытачоў. А прафесар Аляксей Пяткевіч у сваіх успамінах прыгадвае хлапчукоў ваенных гадоў. Сяргей Чыгрын напісаў успаміны пра пісьменнікаў Петруся Макаля, Зоську Верас і Рудольфа Пастухова, а таксама публікуе невядомы ліст жонкі Янкі Купалы да Аляксанда Жыткевіча з вёскі Вялікая Кракотка Слонімскага раёна.

Да 80-годдзя Дануты Бічэль Анатоль Брусевіч разглядае тры перыяды ў паэзіі матулі гарадзенскага літпрацэсу, а да 70-годдзя Юркі Голуба Рычард Бялячыц напісаў артыкул пра яго творчасць “Палёт Голуба”.

Добра прадстаўляны ў альманаху і пераклады. На беларускую мову перакладзены вершы Ганны Ахматавай, Эн Бронтэ, Мікалая Гумілёва, Адама Міцкевіча і Тадэвуша Міціньскага, Барыса Пастарнака і Уільяма Эрнэст Хенлі. Вершы гэтых паэтаў добра пераклалі Аліна Паўлоўская, Галіна Самойла, Святлана Абдулаева і Анатоль Брусевіч…

Альманах “Новы замак” публікуе і шэраг іншых цікавых і новых літаратурных твораў і даследаванняў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя