Свежы нумар “Верасня” выйшаў у снежні
У Менску свет пабачыў сямнаццаты нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”, які рэдагуе вядомы беларускі паэт і бард Эдуард Акулін.
Свежы нумар “Верасня” парадуе чытачоў разнастайнымі матэрыяламі. Асабліва багата ў нумары паэзіі. Найперш шырока прадстаўлена жаночая паэзія – гэта вершы паэтак Магілёўшчыны: Лізаветы Дзеручэнка, Насці Падрабінкінай, Алены Быкавай, Крысціны Башарымавай, Тамары Аўсяннікавай.
З арыгінальнымі падборкамі вершаў на самыя разнастайныя тэмы выступаюць таксама паэткі Кацярына Массэ, Надзея Філон, Святлана Куль, Людміла Шчэрба і іншыя. Новую падборку вершаў “Рэха сноў” вынес на суд чытачоў і вядомы паэт Васіль Зуёнак:
Даруйце мне, горы, даруйце мне, моры, —
Напэўна, і вас бы я ўсё ж палюбіў,
Калі б не было ў паднябеснай прасторы
Лясоў паднябесных і сонечных ніў.
Празаікаў у “Верасні” менш, але і яны парадуюць сваім творчым адкрыццём і знаходкамі. Гэта празаікі Сяргей Белаяр, Валянціна Пісарчык і Анатоль Бароўскі.
Вельмі цікавая ў “Верасні” публіцыстыка. Васіль Дранько-Майсюк пазнаёміць чытачоў з тэатральнай фантазіяй пра Марка Шагала, Сяргей Чыгрын прыгадвае прафесара Алега Лойку, Леанід Дранько-Майсюк публікуе ўрыўкі з “Памятнай кніжкі”, Юры Кур’яновіч вынес на суд чытачоў дзённік “Дыярыуш беларускага падарожніка” і г.д. З рэцэнзіямі ў часопісе выступаюць Эдуард Дубянецкі і Анатоль Трафімчык.
Чытэльным і захапляльным атрымалася вялікая гутарка Эдуарда Акуліна з бізнэсоўцам, мецэнатам, старшынёй культурніцкага фонду “Вяртанне” Паўлам Падкарытавым. Павел нарадзіўся ў Расеі, але за некалькі гадоў вывучыў беларускую мову. Ён шмат дапамагае творчым ініцыятывам у рэалізацыі розных праектаў. Пра жыццё Паўла і яго творчыя планы і задумкі, пра любоў да Беларусі, да яе гісторыі – усё гэта чытачы даведаюцца, калі прачытаюць найцікавейшую гутарку з гэтым унікальным чалавекам.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск