Свежы нумар “Верасня” з творамі Луізы Глюк…



Выйшаў з друку чарговы, 23 па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”. Часопіс вельмі багаты на разнастайныя публікацыі, якія чытачы прачытаюць з асалодай.

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Наты Солтан, Яны Нікіфаравай, Вольгі Шпакоўскай, Цімура Буйко, Насты Кудасавай, Анатоля Дэбіша і Івана Карэнды. Друкуецца паэма Сяргея Законнікава “Хараство”.

Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Ульяны Зяткінай і Сяргея Календы, а таксама “драбніцы” Яўгена Мартыновіча. У раздзеле “Пераклады” змешчаны вершы сёлетняй лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Луізы Глюк у перакладзе Наталлі Русецкай.

Раздзел „Крытыка” пачынаецца палемічным артыкулам Ірыны Хадарэнкі “Пунсовая чума замест ветразя…”. Пра высокае і нізкае, пра часовае і вечнае, пра форму і змест і пра шмат чаго іншага – гутарка Эдуарда Акуліна з таленавітай паэткай і мастачкай Кацярынай Масэ.

Жыццёвы і творчы шлях Анатоля Сыса аналізуе ў сваім артыкуле “Я такі — які ёсць…” Валянціна Якімовіч. Згадкамі пра Пятра Васючэнку дзеляцца Наталля Лысова, Ірына Бурдзялёва, Марыя Дуброўская і Аксана Спрынчан. Эдуарда Дубянецкага ўспамінаюць Яна Будовіч і Галіна Дубянецкая. Заходнебеларускага паэта Алеся Сучка адкрывае ў сваім артыкуле Сяргей Чыгрын. Уражаннямі ад паэтычнай кнігі Кацярыны Масэ “Беланоч” дзеліцца з чытачамі Васіль Жуковіч. Кароткі агляд творчасці Міхася Рудкоўскага, Міколы Купрэева, Алеся Каско і Леаніда Галубовіча робіць Алесь Аркуш. Творчыя нюансы новай кнігі Міколы Гілевіча разглядае ў сваёй рэцэнзіі Анатоль Трафімчык.

Мастацкае афармленне і вокладку нумара падрыхтавала Валерыя Праслава. Ілюстрацыі Кацярыны Масэ.

Набыць свежы нумар “Верасня” можна на сядзібе ТБМ (вуліца Румянцава,13) у Менску. А таксама чытаць на сайце: Kamunikat.org.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя