Свята беларускай паэзіі на Дзятлаўшчыне
У вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна ў суботу, 23 верасня, адбылося першае Гарадзенскае свята беларускай паэзіі, якое арганізавалі Гарадзенскае адддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, ТБМ і Дзятлаўскі райвыканкам.
Рэч у тым, што летась у Зачэпічах быў адкрыты мемарыяльны знак, прысвечаны тром паэтам-аднавяскоўцам Петрусю Граніту (Івану Івашэвічу), Васілю Струменю (Аляксандру Лебедзеву) і Гарасіму Праменю (Івану Пышко), якія актыўна друкаваліся ў беларускіх віленскіх выданнях былой Заходняй Беларусі. Менавіта тады было вырашана штогод восенню арганізоўваць і праводзіць у Зачэпічах свята беларускай паэзіі. Прайшоў год і першае Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі завітала ў Зачэпічы. Яно прысвечана памяці паэтаў-землякоў, а таксама 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
Свята адкрыў мясцовы грамадскі актывіст і краязнавец Валерый Петрыкевіч, які шмат зрабіў дзеля захавання памяці паэтаў-землякоў. У гэты дзень у Зачэпічах свае творы чыталі паэты і празаікі Міхась Скобла, Сяргей Чыгрын, Станіслаў Суднік, Мікола Канановіч, Янка Трацяк, Віктар Сазонаў і іншыя, гучалі песні на словы нашых паэтаў у выкананні бардаў Зміцера Бартосіка, Уладзіміра Хільмановіча, Сяргея Чарняка. На свята прыехалі творцы з Менску, Гародні і розных раёнаў Гарадзеншчыны.
Вершы беларускіх паэтаў чыталі вучні Жукоўшчынскай базавай школы і Дзятлаўскай СШ № 3.
З вёскі Зачэпічы свята ў гэты дзень пераехала ў суседнюю вёску Жукоўшчына і працягвалася ў Жукоўшчынскім Доме культуры і сельскай бібліятэцы. Яго шчыра віталі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, супрацоўнікі Дзятлаўскага райвыканкама, мясцовыя настаўнікі і бібліятэкары. Свае вершы чыталі паэты Дзятлаўшчыны, а школьнікі радавалі прысутных вершамі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Юныя чытальнікі былі ўзнагароджаны кнігамі гарадзенскіх літаратараў з аўтографамі.
[Not a valid template]
Аксана Фок, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён
Фота аўтара