Свята для дзяцей і моладзі ў Лучаі
У Лучаі Пастаўскага раёна ў касцёле благаславілі вучняў, студэнтаў і настаўнікаў на добрае навучанне і поспехі ў працы. Сюды часта наведваюцца госці з іншых парафій, каб памаліцца, пабываць яшчэ раз у гэтым прыгожым месцы і адпачыць душой.
Як кажа ксёндз Мікалай Ліпскі, зараз у Лучаі праходзіць валанцёрскі летнік, які будзе доўжыцца да 30 жніўня, таму моладзь прыехала сюды з розных куточкаў Беларусі.
– Свята прысвечана пачатку новага навучальнага года і арганізаванае для вучняў, студэнтаў, настаўнікаў. Яны прыехалі сюды, каб супольна памаліцца і атрымаць благаславенне божае на новы этап навучання. З гэтай нагоды зладзім таксама канцэрт, да нас прыехалі вядомыя артысты.
У касцёле святога Тадэвуша прайшла імша ў інтэнцыі тых, хто вучыцца, і тых, хто навучае. А пасля ўсе прысутныя змаглі паслухаць канцэрт аўтара лучайскага гімну Аляксея Жбанава, гуртоў “Рэха” і “Гарадскі вал”, эстраднай зоркі Беларусі Мікіты Фаміных і віртуоза-акардэяніста Змітра Корсака. А напрыканцы адбыўся феерверк.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара