Свята “Купалле” адзначылі ў вёсцы Мосар, што на Глыбоччыне



Свята зладзіў Глыбоцкі аддзел культуры для мясцовых жыхароў і турыстаў на тэрыторыі дэндрапарка непадалёк ад касцёла.

Традыцыю святкаваць Купалле як фальклорнае свята ля касцёла, па словах вернікаў, увёў яшчэ былы пробашч касцёла Юозас Булька.

Як кажа Алена з Шаркоўшчыны, якая з 1992 года штогод адзначае Купалле ў Мосары, такая традыцыя існуе тут здаўна. Ксёндз Булька хацеў, каб свята ў вёсцы адзначалі цывілізавана, без нанясення шкоды іншым, як гэта было раней: падпіранне ў хатах старых людзей, пашкоджанне платоў і будынкаў, закладанне комінаў і г.д.

– Раней святкалі не тут, а каля возера. Мы ішлі працэсіяй да возера і там, памятаю, таксама быў канцэрт, вогнішча. Гэта 92-гі год, я яшчэ была школьніцай тады. І ён прывіваў такія традыцыі, каб без алкаголю, каб радавацца.

Паводле цяперашняга пробашча касцёла ў Мосары Марата Казлоўскага, ён не бачыць нічога дрэннага ў тым, што каталіцкія вернікі святкуюць фальклорнае свята Купалле.

– Ну чаму не. Прыйсці, адпачыць. Яны ж не вераць у гэта, не скачуць праз вогнішча. Ну і спадзяюся, што праўдзівы вернік не будзе шукаць папараць-кветку, каб там шлюбам пабрацца. І каталічкі, напэўна, не будуць, даруйце мне, кідацца без вопраткі ў сажалкі. Калі гэта будзе, то на наступны год я буду супраць.

Свята адбылося на беларускай мове, гучалі купальскія песні і спевы пра Беларусь. Таксама выступоўцы разам з прыстунымі вадзілі карагоды, гулялі ў гульні, плялі вянкі. Напрыканцы свята распалілі вогнішча, а дзяўчаты пускалі на ваду вянкі. Падчас мерапрыемства працавалі гандлёвыя палаткі, дзе можна было купіць прысмакі і цацкі для дзяцей.

Таццяна Смоткіна