Свята малдаўскай культуры адбудзецца ў Менску



Свята малдаўскай культуры пройдзе ў Верхнім горадзе 8 верасня, паведамілі «Мінск-Навінам» ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама.

Свята перанясе гасцей у атмасферу гасціннай Малдовы. Вінаробства ў гэтай краіне – частка нацыянальнай культуры, адзін з сімвалаў рэспублікі, якая на геаграфічнай карце і на самай справе нагадвае гронку вінаграду.

Фестываль не абыдзецца без дэгустацыі: сваю лепшую прадукцыю прадставяць 17 вядучых вінаробных кампаній Малдовы.

Святочны настрой будуць ствараць музыканты. На галоўнай сцэне ля канцэртнай залы „Верхні горад” выступяць артысты ансамбля „Плая”, створанага пры дыяспары, калектыву «Д.А.Т аркестр», лаўрэат міжнародных фестываляў, „чалавек-аркестр” Ігар Ляўчук, інструменталіст-віртуоз Сяргей Шаптуноў і шоў барабаншчыкаў „Перцы”, а таксама Ганна Благава, Вольга Змуршчык, Віктар Мішкоў.

Фестываль пройдзе на тэрыторыі Верхняга горада з 12:00 да 17:00.

zviazda.by