Свята „Масленіцы” прайшло на Глыбоччыне
Свята „Масленіцы” па старадаўняй мясцовай традыцыі прайшло на Глыбоччыне. На яго паклікалі гасцей уладальнікі аграсядзібы „Запаведны востраў”, што месціцца ў вёсцы Шо. Праводзілі яны імпрэзу пры падтрымцы фальклорнага гурта „Варган” з Полацка і спажывецкага кааператыва „Велесаў шлях”. На свята прыехалі госці з Глыбокага, Докшыц, Ушачаў, Полацка, Менска ды іншых мясцовасцяў.
Як кажа гаспадар сядзібы Алесь Цвірка, ён нават і не чакаў, што збярэцца такая вялікая колькасць народу, бо свята асабліва не рэкламавалі:
– Кагосьці запрашалі, хто быў ужо і на Купаллі, а так я шмат каго нават і не ведаю зусім. Канешне, тут госці, якія адпачываюць, насамрэч у мінулым годзе яны таксама на Масленіцы былі, яны сказалі ў гэтым таксама прыедуць. Зрабілі невялічкі анонс у сацыяльных сетках.
Паводле кіраўніцы гурта „Варган” Вольгі Емельянчык, на сядзібе „Запаведны востраў” яны святкуюць „Масленіцу” ужо трэці год запар паводле мясцовых традыцый:
– Задумка была аднавіць мясцовую традыцыю святкавання Масленіцы. Паазерская Масленіца такая своеасаблівая. На Паазер’і на Масленіцу людзі ездзілі адзін да аднаго ў госці, ладзілі такія спатканні, гулянкі, аб’язджалі маладых коней, ладзілі нават спаборніцтвы конныя. У аўтэнтычнай традыцыі на Паазер’і пудзіла не палілі.
На „Масленіцы” бліны – гэта асноўная страва. На сядзібе госці іх з’елі некалькі сотняў, бо была вялікая разнастайнасць начыння – ад скварак і смятаны, да варэння і згушчонкі. На свяце можна было пачаставацца і іншымі прысмакамі ды напоямі, набыць самаробныя сыр, хлеб, сок, мочаныя яблыкі, журавіны ды іншае. Таксама глыбоцкія рамеснікі прапанаоўвалі свае вырабы, можна было пакатацца на кані, арэлях, патанчыць і паспяваць у коле сяброў і аматараў беларушчыны.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя