Свята паэзіі на Дзятлаўшчыне



Чацвёртае абласное гарадзенскае свята паэзіі прайшло на Дзятлаўшчыне. Вёскі Погіры, Зачэпічы і раённы цэнтр – Дзятлава, сталі пунктамі для ўшанавання вядомых беларусаў: Ігната Дварчаніна, Гарасіма Праменя, Пятруся Граніта ды Васіля Струменя.

Асабліва ўзгадвалі ў Дзятлаве Ігната Дварчаніна, філосафа, літаратара, якога застаўся след памяці не толькі ў выглядзе бюста ў Дзятлаве, але таксама і памятныя знакі на месцы, дзе была хата яго бацькоў у Погірах.

Кажа Валеры Петрыкевіч, адзін з арганізатараў свята з боку Таварыства беларускай мовы:

– Мерапрыемствы прайшло пры падтрымцы кампаніі «Зробім лепш-2020». Але ініцыятыва гэта ад Дзятлаўскага раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы і мая ініцыятыва, і маіх сяброў. Арганізацыя ў нас невялікая, але вельмі сяброўская, гэта відаць было па тым, як хлопцы былі і як мы працавалі. Зрабілі шмат, і я думаю, што нашы нашчадкі скажуць урэшце нам калісьці вялікі дзякуй.

Ва ўсталяванні памятнага каменю, а таксама лаўкі з добраўпарадкаваннем тэрыторыі спрычыніліся валанцёры: як асобныя людзі, так і сельскагаспадарчыя ўстановы рэгіёну.

Паэтычнае свята, хаця падрыхтоўка яго вымагала шмат фізічных і творчых сілаў, для ўсіх праходзіла ў трывожны і драматычны час у краіне. Што на фэсце паэтаў у Зачэпічах – апошнім прыпынку свята – не абмінуў згадаць Мікола Канановіч, літаратар са Слоніма:

– За польскім часам, і за нямецкім, і за савецкім, як мы цяпер бачым і за нашым незалежным часам, складана і ўсё яшчэ вымагае нейкай барацьбы за тую лепшую долю, за якой невядома калі лепш будзем жыць. Усё ж такі ў нас свята паэзіі, і надзея – гэта, напэўна, тое апошняе, што з намі памірае.

Такім чынам у Дзятлаўскай зямлі ўдалося спалучыць два ўрачыстых дня да аднаго: 125 гадоў Ігнату Дварчаніну і свята беларускай паэзіі.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя