Свята паэзіі ў Дзятлаве
Каля сцен Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея адбылося паэтычнае свята “Славім Дзятлаўшчыну словам і справай”.
Арганізавалі мерапрыемства супрацоўнікі музея, Дзятлаўская раённая арганізацыя ТБМ пры падтрымцы кампаніі “Зробім лепш-2020”. Свята паэзіі было прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння Ігната Дварчаніна і 80-годдзю Дзятлаўскага раёна.
Адкрыла і вяла свята паэзіі супрацоўніца музея, краязнавец і паэтка Алена Абрамчык, якая адзначыла, што сёння Дзятлава будзе слухаць паэтычныя радкі на роднай мове. Сцэнай служыў ганак музея, скуль гучалі вершы не толькі беларускіх класікаў, але і мясцовых паэтаў-сяброў дзятлаўскага літаратурнага аб’яднання “Пралескі”. Вершы чыталі па чарзе: і школьнікі, і дарослыя. Дарэчы, дзеці атрымалі за гэта падарункі і салодкія пачастункі. А дарослыя – шчырыя словы падзякі.
Да свята паэзіі перад музеем была арганізавана выстава партрэтаў славутых людзей Дзятлаўшчыны мастака Міколы Несцярэўскага.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава
Фота аўтара