„Свята Станіслава Манюшкі” на віцебскім спеўным сходзе
Чарговая сустрэча аматараў спеваў была прысвечана 200-годдзю вядомага кампазітара, аўтара першай беларускамоўнай оперы. Таму гэтым разам спявалі не народныя песні, а творы Станіслава Манюшкі на вершы Яна Чачота і фальклорныя творы ў ягонай апрацоўцы. Пра кампазітара, якога лічаць пачынальнікам беларускай і польскай нацыянальнай оперы, прысутным распавяла даследчыца творчасці Станіслава Манюшкі, музыказнаўца Святлана Немагай. Яна ж акампанавала знакамітай опернай спявачцы, лаўрэатцы міжнародных конкурсаў Тамары Рэмез.
Вядучая спеўных сходаў Марына Булатоўская з дапамогай Тамары Рэмез вучыла аматараў прафесійна распявацца, і ўдзельнікі спеўнага сходу выдатна справіліся з выкананнем класічных твораў.
– Мы спявалі песні Станіслава Манюшкі, і вельмі добра гэта ў нас атрымалася. Спачатку, можа, крыху пабойваліся, ці атрымаецца, бо гэта надта вялікі чэлендж – заспяваць у опернай манеры. Але з дапамогай размінак вакальных ад Тамары Рэмез усё атрымалася! Здзівіліся нават нашыя госці, што віцябляне падхапілі, і змаглі гэта ўсё выцягнуць!
Станіслаў Манюшка – аўтар 268-мі песень, ён напісаў музыку да трох балетаў, 9-ці опер і 8-мі аперэт. Сейм Рэспублікі Польшча і ЮНЕСКА афіцыйна абвясцілі 2019 год Годам Станіслава Манюшкі. У гонар 200-гадовага юбілею кампазітара ў Польшчы, Беларусі і Літве праходзяць святочныя мерапрыемствы. Але ў Віцебску спеўны сход “Свята Станіслава Манюшкі” сталася адзінай культурніцкай імпрэзай да гэтай падзеі.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтаркі