Свята Жыровіцкай Іконы Божай Маці



Штогод 20 траўня ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна адзначаецца свята Жыровіцкай Іконы Божай Маці. Вось і сёлета сотні людзей з усёй Беларусі прыехалі і прыйшлі пакланіцца славутай Жыровіцкай Іконе.

Ікону вынеслі з Успенскага сабора і яе пранеслі па тэрыторыі Жыровіцкага манастыра да Богаяўленскай царквы. У Хрэсным ходзе сотні людзей прайшлі за Жыровіцкай Іконай Божай Маці з надзеяй на ўсё добрае і светлае на беларускай зямлі.

Сёлета ў гэтым ходзе былі заўважаны старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, інспектар па Гарадзенскай вобласці Юрый Караеў і іншыя чыноўнікі.

Сёння Жыровiчы з’яўляюцца жаданым месцам паломнiцтва для хрысцiян не толькi Беларусi. Яны iдуць сюды, каб узнесцi хвалу цудатворнай Іконе святой Багародзiцы.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара