Святар Георгій Рой: Кніга пісалася амаль 15 год
Настаяцель гарадзенскага Свята–Пакроўскага сабору протаіерэй Георгій Рой напісаў кнігу пра вёску Накрышкі і мясцовую парафію. Кніга мае назву „Накрышкі. Летапіс Барыса-Глебскай царквы і краю”. Яна выйшла накладам 200 асобнікаў.
Пра кнігу распавядае яе аўтар Георгій Рой:
– Першае маё святарскае служэнне, на якое мяне прызначылі, яно было ў Барысаглебскай царкве вёскі Накрышкі Дзятлаўскага раёну. Калі я туды прыехаў, то літаральна з першага погляду ўразіўся прыгажосцю гэтага храма. Нейкая такая незвычайная атмасфера была ў гэтым месцы. Потым, калі я пачаў там служыць, то натуральна цікавіўся ўсім, што гэта за месца, што гэта за храм, што тут было. Аказалася, што храм стаіць каля былой сядзібы Стравінскіх, там у Стравінскіх была велічэзная бібліятэка. Гэта быў вельмі значны культурны асяродак тагачаснай Беларусі. Акрамя гэтага я даведаўся, што маімі папярэднікамі па святарскім богаслужэнні, былі выбітныя асобы. Вельмі цікавыя людзі з цікавай біяграфіяй, з цікавым жыццёвым шляхам. Я наведваў вёскі, у кожнай вёсцы была нейкая свая гісторыя, свае паданні, свае легенды. Я гэта ўсё фіксаваў, запісваў. Пачаў шукаць дакументы, наведваў архівы.
РР: Як доўга стваралася кніга?
Кніга пісалася амаль 15 год, занялі гэтыя пошукі. Я думаю, што гэта добра, калі няма спешкі ў стварэнні кнігі. Шмат якія дакументы знаходзяцца, інфармацыя ўдакладняецца. Фактычна асноўная частка тэксту была створана год 9 таму была напісана асноўная частка тэксту. Усе гэтыя гады знаходзілася новая інфармацыя, кніга папаўнялася новымі звесткамі, штосьці ўдакладнялася, штосьці перапісвалася. Работа была доўгай, але спадзяюся, што большую частку з таго, што магчыма было знайсці я ўсё ж такі знайшоў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Гародні цягам бліжэйшага месяцу, а саму кнігу ўжо з наступнага тыдня можна будзе набыць у кнігарнях гораду.
Беларускае Радыё Рацыя