Святар Павел Каспяровіч пра творчасць ды палітыку
Служба ў царкве, вершы на беларускай мове, апавяданні ў часопісе „Дзеяслоў”, выказванне грамадзянскай пазіцыі. Гэта штодзённае жыццё „Госця Рацыі” святара Паўла Каспяровіча.
РР: Вы беларускамоўны святар. Распавядзіце, як вы дайшлі да беларушчыны?
– Шчыра кажучы ў двух словах не раскажаш. Гэта быў жыццёвы такі шлях. Сумненні розныя, супярэчнасці, з якімі я сутыкаўся. Калі рос, я неяк з беларушчынай не сутыкаўся. Я такое маленькае адступленне зраблю. У часопісе Дзеяслоў, у 107 нумары, выйшлі тры маіх апавяданні. Адно з іх „Апошнія беларусы” называецца, там ёсць нейкія аўтабіяграфічныя матывы, там гэта тэма ўздымаецца. Я адчуваў сябе чалавекам расейскай культуры. Калі ўспомніць канец 70-х, пачатак 80-х, то беларушчыны мала было, можа быць яна была, але я з ёй не сутыкаўся. Адзінае, што гэта гаворка бацькі ды ўсё. Ужо з прыходам адраджэння я неяк стаў сутыкацца з беларушчынай – гэта часопісы, гэта газеты, гэта выступленні на тэлебачанні. Гэта стала ўплываць на мой светапогляд, я стаў ставіць перад сабой пытанне: „Калі я тут жыву, то чалавек якой я культуры? Што ведаю пра нашу мінуўшчыну? Якое маё стаўленне да беларускай мовы?”. Я стаў неяк прынцыпова да гэтага ставіцца. У мяне было некалькі этапаў пераходу на беларускую мову, гэта яшчэ на пачатку 90-х, праз 10 год яшчэ. У апошнія некалькі гады я зноў вярнуўся да беларускай мовы. Я думаю, што цяпер маё вяртанне яшчэ больш абгрунтаванае, такое ўжо сур’ёзнае, дарослае. Калісьці я быў падлеткам, юнаком, а цяпер я ўжо чалавек, якому за 40. Я думаю, што гэта ўжо назаўсёды.
РР: Вы пішаце апавяданні, вершы, распавядзіце.
– Я распавяду такую цікавую гісторыю. Я ўсё думаю ўключыць яе ў адно апавяданне, але пакуль не ўключыў. Месяц таму я ехаў на ровары на службу, выступаў як раз на плошчы прэзідэнт наш. Ён расказваў, як упершыню ў Гародні ён пачаў перадвыбарчаю кампанію. Я ўспомніў такую сітуацыю, мы з сябрамі вырашылі стварыць рок-гурт, была зіма з 1993 на 1994 год. Нейкія акустычны гітары мы знайшлі, нейкія гуказдымальнікі на іх паставілі. Сталі штосьці рэпетаваць, збіраліся мы ў доме піянераў, які на вуліцы Замкавай. Там суседка з суседняга пад’езда, яна працавала дырэктарам, пакойная Наталля Уладзіміраўна Качан, там мы збіраліся. Потым увесну мы разгружалі нейкую цэглу, на будаўніцтве катэджаў зарабілі грошы. Купілі электрагітары, барабанныя ўстаноўкі. Я зразумеў, што я не музыка, я быў у такой ролі тэкставіка, наколькі я помню. Помню як раз там адкрыўся манастыр Раства-Багародзіцкая, прыходзілі перыядычна манахіні выганяць з нас нячыстую сілу. Калі мы рэпетавалі, то частка вокнаў выходзіла на манастыр. У нас маладых панк-рокераў гэта выклікала такія пачуцці смеху, іроніі. Другая частка вокнаў выходзіла на пляцоўку, якая цяпер забудоўваецца – за палацам тэкстыльшчыкаў. Узімку, калі мы там рэпетавалі, напачатку вясны, мы нікому не перашкаджалі. Але ў адзін з дзён, калі мы ішлі на рэпетыцыю, бачым штосьці шмат народу сабралася, мікрафоны стаяць. Мы прыйшлі, адкрылі вокны і сталі рэпетаваць. Да нас прыйшлі АМАПаўцы і папрасілі не выступаць, бо мы сваімі выступленнямі і нашымі падлеткавымі акордамі перашкаджаем выступленню кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Ён у той дзень пачынаў сваю кампанію. Мы канешне ж спыніліся. Калі ў Гародні пачалася перадвыбарчая кампанія Аляксандра Рыгоравіча, то ў Гародні пачаўся супраціў. Маладыя хлопцы несвядома, нічога не разумеючы першымі перашкодзілі яго выступленню. Думаю, што гэта гісторыя стане міфам Гародні.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота pokrovgrodno.org