Святкуем 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча
У Гародні адкрытай лекцыяй Алы Петрушкевіч, «Універсітэт Залатога Веку» адзначыў 125- годдзе ад нараджэння паэта Максіма Багдановіча. Асоба вялікага паэта Беларусі хаця і ёсць ў школьных праграмах, але застаецца мала папулярызаванай. Сярод слухачоў лекцыі сустракаліся і такія, хто ўпершыню ў жыцці пачуў пра творчасць слаўнага сына Беларусі.
Ала Петрушкевіч, перад лекцыяй згадала нашаму радыё, што ўсе творчасць Багдановіча значна паўплывала на творчасць гарадзенскіх паэтаў:
— Многія з нашых паэтаў увогуле і тварыць пачалі пад зоркай Багдановіча. Той жа Анатоль Брусевіч. І не было б музея Багдановіча, не было б ягонай гаспадыні Дануты. Ну такога паэта як Брусевіч мы б не мелі. А сама Данута Янаўна — у яе столькі твораў прысвечана, кніга разам з Чобатам выдадзена «Ты не самотны». Сам Чобат, колькі ў яго вершаў. Аня Аўчыннікава працуе цалкам у эстэтыцы Багдановіча.
Лекцыя Алы Петрушкевіч прайшла пры поўным аншлагу: у залі прысутнічалі больш за сто пяцьдзясят чалавек. У 2017 годзе будзе сто гадоў, як паэта, Максіма Багдановіча ня стала. Ці не надышоў час ўзгадаць гарадзенскім ўладам пра свае неаднаразовыя абяцанні ўсталяваць помнік паэту, на які ўжо былі сабраныя грошы гарадзенцаў, і ўсталяваць яго?
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя