Святлана Алексіевіч наведае Гомель
Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры Святлана Алексіевіч наведае Гомель.
У межах гомельскага візіту пісьменніца правядзе шэраг сустрэч з чытачамі. Кіраўнік Гомельскай абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоль Бароўскі запрашае ўсіх аматараў творчасці Святланы Алексіевіч на сустрэчу са знакамітым аўтарам:
– 7 ліпеня ў абласной бібліятэцы Гомеля адбудзецца творчая сустрэча Святланы Алексіевіч з жыхарамі Гомеля, творцамі, мастакамі ды іншымі людзьмі, якія збяруцца, якія прыйдуць. Час неспрыяльны, але мы запрашаем вас, калі хто зможа, то прыходзьце ў абласную бібліятэку а 16-й гадзіне.
Біяграфія Святланы Алексіевіч звязаная з Гомельшчынай. Менавіта ў Мазыр пераехала сям’я будучай нобелеўскай лаўрэаткі ў пачатку 1950-х гадоў з Украіны, дзе праходзіў службу ў войску яе бацька. У Веткаўскім раёне яна пайшла ў школу. А ў другой палове 1960-х Святлана Алексіевіч працавала ў газеце „Прыпяцкая праўда”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель