Святлана Алексіевіч прэтэндуе на яшчэ адну прэстыжную ўзнагароду



Першая ў гісторыі Беларусі ўладальніца Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч трапіла ў шорт-ліст прэстыжнай брытанскай узнагароды ў галіне немастацкай літаратуры Baillie Gifford Prize. На прыз у 30 тысяч фунтаў стэрлінгаў прэтэндуе яе апошняя кніга «Час сэканд хэнд», піша tut.by. Усяго на ўзнагароду было пададзена больш за 180 заявак. З іх адабралі чатырох аўтараў, сярод якіх і беларуска.

alieksijevicz

Штогадовая прэмія Бэйлі Гіффорд (The Baillie Gifford Prize) уручаецца з 1999 года. Яна лічыцца адной з самых прэстыжных у Вялікабрытаніі. Узнагарода ўручаецца за лепшы твор у жанры дакументальнай прозы, напісаны на англійскай мове або перакладзены на яе. Прэмія носіць імя асноўнага фундатара – аднаго з вядучых інвестыцыйных фондаў, які актыўна займаецца дабрачыннасцю.

Цікава, што Алексіевіч з’яўляецца лаўрэатам амаль трох дзясяткаў літаратурных прэмій. Сярод іх нямецкая прэмія Рэмарка, Нацыянальная прэмія крытыкі ЗША, польская прэмія Рышарда Капусцінскага. Але беларускіх літаратурных прэмій Алексіевіч не атрымлівала.

Імя пераможцы брытанскай прэміі назавуць 17 лістапада.