Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам прэміі імя Ганны Паліткоўскай



Праваабарончая арганізацыя Reach All Women in War („Дапамагчы кожнай жанчыне ў агні вайны”) прысудзіла прэмію імя Ганны Паліткоўскай 2018 года беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч і індыйскай грамадзянскай актывістцы Біналакшмі Непрам.

Прэмія імя Паліткоўскай уручаецца арганізацыяй Reach All Women in War з 2007 года. Узнагарода названая ў гонар журналісткі „Новой газеты” Ганны Паліткоўскай, забітай 7 кастрычніка 2006 году ў Маскве.

Як адзначаюць арганізатары прэміі, Святлана Алексіевіч шмат гадоў выступае супраць несправядлівасці на постсавецкай прасторы. Яна неаднаразова крытыкавала расійскую анэксію Крыма і парушэнні правоў чалавека ў канфлікце ва Усходняй Украіне, а таксама нацыяналізм і алігархію ва Украіне, якія пашыраюцца, атрымліваючы пагрозы як расійскіх, так і ўкраінскіх нацыяналістаў.

Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі беларуская пісьменніца стала 8 кастрычніка 2015 года. Прэмія ўручаная за „шматгалоснае гучанне” прозы і „ўвекавечанне пакут і мужнасці”.

Біналакшмі Непрам родам з індыйскага штата Маніпур, у якім на працягу 70 гадоў доўжыцца канфлікт. У 2007 годзе праваабаронца стварыла арганізацыю „Жанчыны Маніпур — ахвяры узброенага гвалту”, якая дапамагла больш чым 20 тысячам пацярпелых жанчын. З-за пагроз жыццю Непрам была вымушаная пакінуць Індыю.