Святлана Анікей атрымала польскую ўзнагароду



Святлана Анікей атрымала галоўную акторскую ўзнагароду на XV Агульнапольскім фестывалі сучаснай драматургіі „Rzeczywistość przedstawiona”.

Яна была адзначана за ролю ў пастаноўцы Агнешкі Карыткоўскай-Мазур “Сонька”, што ідзе ў Беластоцкім драматычным тэатры. Акрамя ўзнагароды ад галоўнага журы, беларуску ўганаравала і журы маладых у катэгорыі “найлепшая акторка”.

Святлана Анікей дзеліцца ўражаннямі:

– Я нічога не ведаю, бо я была ў Францыі, калі мне Агнешка напісала. Я не ведала, што гэта так ганарова, што гэта так адказна. Я ведала, што замежным гасцям не часта даюць узнагароды. Я так уражана, што беларуску ўспрынялі з такой адкрытасцю, з такім вялікім каханнем і гледачы, і рэжысёр.

Усяго ў конкурсе Агульнапольскага фестывалю сучаснай драматургіі бралі ўдзел 13 спектакляў з розных куткоў Польшчы – Кракава, Лодзі, Легніцы.

Найбліжэйшыя паказы “Сонькі” ў Беластоцкім драматычным тэатры пройдуць 27, 28 i 29 лістапада.

Па словах актрысы, у Беластоку намячаецца і новы праект з яе ўдзелам. Хаця сталае месца працы Святланы Анікей – Купалаўскі тэатр у Менску, дзе ў бягучым рэпертуары яна выконвае з тузін роляў.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя