Святлана Баранкоўская: Гэта як цэлафанавы пакет на сценку павесіць



Выяўленчае мастацтва ў Беларусі. У якім стане яно сёння знаходзіцца? Чаму беларускія мастакі ніяк не пазбавяцца самацэнзуры? У якіх дачыненнях знаходзяцца ў Беларусі мастак і дзяржава? З сённяшнім госцем Радыё Рацыя, віцебскай мастачкай Святланай Баранкоўскай гэтыя пытанні абмяркоўвае Алесь Аркуш.

РР: У мастацкіх колах сёння ініцыятыва робіцца важнай рэччу. Напрыклад, пісьменнікі навучыліся збіраць грошы на выданні сваіх кніг на краўдфаўдынгавых  пляцоўках. Навучыліся рэкламаваць свае кнігі. То-бок, таму-сяму навучыліся рабіць самастойна. А як мастакі?

Святлана Баранкоўская: Зайздрошчу літаратарам. Таму што сярод іх аказалася некалькі добрых менеджераў, якія навучылі іншых гэта рабіць. Справа ў тым, што распаўсюд інфармацыі, продаж – гэта не праца мастака. Гэтым ніколі мастак не займаўся. Мастак займаецца ў майстэрні. Літаратары ў гэтым сэнсе больш блізкія да гледача, таму што ў літаратараў нашмат болей сустрэч, нашмат болей нейкіх кантактаў з людзьмі. Мастак звычайна нават размаўляць не ўмее з людзьмі, ён размаўляе са сваім матэрыялам, з якім працуе. Мастак больш дзіця, чым літаратар. Я з задавальненнем нават сама занялася б гэтым, але, па-першае, не ўмею, а па-другое, таксама вельмі хочацца быць мастаком у першую чаргу. Таму, што рабіць, я не ведаю. Для гэтага заўсёды былі адмыслоўцы, якіх у нас няма зараз.

РР: Напэўна, зрушыла б справу з месца з’яўленне, напрыклад, сур’ёзных калекцыянераў, якія збіраюць мастацтва, мастацкіх аўкцыёнаў, але перадусім, я думаю, што гэта вельмі звязана з эканамічнай сітуацыяй у Беларусі, з бізнесам.

Святлана Баранкоўская: Вось вы і адказалі на сваё пытанне. Ва ўсім свеце трыянале, напрыклад, падвышаюць кошт прац лаўрэатаў. У Беларусі, у лепшым выпадку, адкрываюць новыя імёны. Вось гэты больш харошы, а гэты менш харошы. Але не купляюць ні аднаго, ні другога. Таму што эканоміка не дазваляе купіць не проста за сапраўдны кошт, а хаця б за яго палову тое, што мы робім. А тыя, у каго ёсць грошы, звычайна гэта людзі, у якіх проста элементарна не выхаваны густ. Яны не ведаюць пра існаванне мастацтва. Я ўжо не кажу, што яны разбіраюцца ці не, яны проста не ведаюць, што мастацтва існуе. Яны думаюць, што карціна – гэта тое, што прадаецца ва ўнівермагу. Калі гэта не проста фотаздымак, але дрэнны фотаздымак, на дрэнным матэрыяле, дрэннай карцінкі, але яна яркая, і прадаецца не за 2 тысячы рублёў, а за 100, яшчэ у прыгожай пластыковай рамачцы. Дык гэта ж зусім файна. Гэта як цэлафанавы пакет на сценку павесіць. Тлумачыць гэтым людзям бессэнсоўна. Яны не праходзілі ў школе сусветную мастацкую культуру. А гэта яшчэ праблема адукацыі.

Цалкам размова:

Размаўляў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя