Святлана Куль-Сяльверстава пра Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі



У Летуве (Коўна) прайшоў IX Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. У сувязі з ковіднай перасцярогай форум навукоўцаў праходзіць як у анлайн, так і ў афлайн фармаце. Сярод тэм таксама палітычныя, якія звязаныя з апошнімі драматычнымі падзеямі ў Беларусі.

Пра кангрэс распавядае ўдзельніца, прафесар Святлана Куль-Сяльверстава:

– Ёсць спецыфіка ў гэтым кангрэсе ў сувязі з тым, што пандэмія. Дзякуй Богу нас запрасіла Коўна, як гэта і раней было. Вельмі гасцінна і вельмі добра там мы сябе адчувалі. Я некалькі разоў была ў Коўне на кангрэсе, але менавіта з-за пандэміі кангрэс адбываецца ў такім гібрыдным фармаце. Частка ўдзельнікаў змагла прыехаць, тыя хто прышчэплены, хто мае сертыфікат. Частка ўдзельнічае па розных прычынах, напрыклад, я магла б паехаць, але не магу проста па часе, таму віртуальна. Сёлета праграма кангрэса адрозніваецца ад штогадовых праграм. У праграму кангрэса ўключаныя праблемы для абмеркавання, якія актуалізаваліся ў сувязі з нашай рэвалюцыяй 2020 года. Напрыклад, дзве секцыі, адна называецца „Абуджэнне Беларусі, асэнсоўваючы пратэсты 2020”. Фактычна я на секцыі звязанай з літаратурай, гэта дзіўна, але так сталася. Я не літаратуразнаўца, але распавядала пра тэатры ў першай палове 19-га стагоддзя і формах пратэсту, якія выкарыстоўваліся. Так ці інакш усе даклады, здаецца далёкія да цяперашняй сітуацыі, так ці інакш закранаюць нашу рэвалюцыю 2020 года. З’явіліся новыя кірункі, некаторыя адышлі. Напрыклад, вялізарны кірунак быў пад дыялогі, зараз я яго не бачу, ён не акцэнтаваны. Дадаліся кірункі па дыяспары нашай. Міграцыя – гэта таксама тэма актывізавалася ў сувязі з падзеямі апошняга году. Дадаліся тэмы ў сувязі з юбілеямі, як напрыклад па Рыжскай мірнай дамове 1921. Вельмі цікавая праграма і можна сказаць, што хацелася б паўсюль пабываць. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Кангрэс даследчыкаў Беларусі ўяўляе сабой „агледзіны” стану і ўзроўню навукі стасоўна беларускай тэматыкі ў даследчыкаў. Таму панэлі для абмеркавання ўзнікалі па меры неабходнасці. Сёлетні кангрэс увабраў у сябе 12 секцый, сярод якіх былі: „Міжнародныя стасункі і рэгіянальная бяспека”, „Палітыка”, „Грамадства”, „Эканоміка”.

Беларускае Радыё Рацыя