Святлану Алексіевіч пачнуць вывучаць у школе



У новыя навучальныя праграмы для 11-га класа ўвойдуць два творы Святланы Алексіевіч —”Чарнобыльская малітва” і „Цынкавыя хлопчыкі”. Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Міністэрства адукацыі.

Гэтыя творы будуць вывучацца „як на павышаным, так і на базавым узроўні”, адзначылі ў міністэрстве.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага інстытуту адукацыі Мінадукацыі, праграмы плануецца зацвердзіць у гэтым месяцы, а вучыцца паводле іх школьнікі будуць пачынаючы з 2015/2016 навучальнага году.

Творчасць Алексіевіч будзе прадстаўлена ў раздзеле „расейскамоўныя пісьменнікі Беларусі”. Цяпер творчасць беларускай пісьменьніцы, якая 8 кастрычніка стала нобэлеўскім лаўрэатам, у школах Беларусі не вывучаюць.