«Святло ў цемры» незалежнага «Тутэйшага тэатра» у Беластоцкім тэатры Лялек
Яны – жывыя людзі. Такую канцэпцыю стваральнікі ўкладалі ў спектакль пра расстраляных беларускіх паэтаў. «Святло ў цемры» незалежнага «Тутэйшага тэатра» зараз паказваюць у Беластоку ў тэатры Лялек, а завяршальныя паказы – 29 кастрычніка ў рамках фестывалю «Бардаўская восень».
Тэма трагічных падзей ночы з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі савецкія спецслужбы расстралялі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі – асабліва адчувальная сёння. Як працавалася над спектаклем, кажа адная з акторак:
-Як бы ты не шукаў гэтае святло, ты ведаеш ужо канцоўку – хэпі-энду не будзе. Гэта, мне падаецца, было самым складаным – знайсці, даць ім жыццё, адчуць, што яны былі жывыя. Што гэта не толькі іх канцавая кропка, тое, што яны памерлі, што яны пакутавалі перад гэтым, а што ў іх было жыццё. Яно было яскравае. Яны вандравалі, хадзілі пешшу, палілі, чыталі адзін аднаму вершы. Гэтым напаўняецца іхнае жыццё, не тым, што апошняя кропка – гэта смерць.
Гэта супольны праект тэатра «Тутэйшыя» і фундацыі «Тутака», першы паказ якога прайшоў падчас беластоцкага тэатральнага фестывалю «Напрамак Усход» 15 кастрычніка. Сёння, а таксама 29 кастрычніка спектакль «Святло ў цемры» паказваюць у Беластоку.
Беларускае Радыё Рацыя