Святочныя моманты «Вішнёвага фэсту» ў Глыбокім



У Глыбокім, што на Віцебшчыне, прайшоў восьмы па ліку «Вішнёвы фэст».

Сёлета ён доўжыўся не тыдзень, а адзін дзень. І гэты дзень змясціў у сябе амаль тыднёвую праграму мінулых фестываляў, што поўнасцю адпавядае таму, пра што казалі шматлікія глыбачане раней, – для такога фэсту дастаткова 1-2 дні яго правядзення. Праграма восьмага фэсту мала чым адрознівалася ад праграм фэстаў мінулых гадоў.

Пачатак імпрэзы азмрочыў праліўны дождж, але нягледзячы на гэта, на цырымонію адкрыцця сабралася шмат людзей.

Падчас фэсту традыцыйна ў Глыбокім адбываецца шэсце, цырымонія гашэння маркі, «вішнёвае вяселле», аўта і моташоў, спартовыя спаборніцтвы, выстава-кірмаш прац рамеснікаў і выстава-прэзентацыя падворкаў. Усё гэта было і ў гэтым годзе.

На гэтых выставах можна знайсці крэатыўныя, цікавыя і нават смачныя рэчы, можна паслухаць спевы і патанцаваць пад іх.  А вось у падворках мясцовых прадпрыемстваў можна набыць прадукты іх вытворчасці, добра паесці, нават выпіць і закусіць, чым добра і скарысталіся глыбачане і госці горада. Людзей «пад шафэ», як кажуць у народзе, у гэтым годзе было шмат. Але за грамадскім парадкам пільна сачылі міліцыянты.

Штогод у Глыбокім падчас фэсту ўрачыста адкрываюцца скульптуры, помнікі, архітэктурныя кампазіцыі. Сёлета адкрылі памятны знак шпаку, які любіць паласавацца вішнямі і зменшыць глыбачанам колькасць ураджаю. Ён не ўражваў сваёй веліччу, і яго ўсталявалі на тэрыторыі рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы, таму не кожны глыбачанін і госць горада змог яго ўбачыць у гэты дзень.

А вось большасць наведвальнікаў фэсту ўразіла вялікая «залатая» рыба, якая «выплыла» на бераг возера Кагальнае на кароткі час. Шмат людзей фатаграфавалася каля яе. Але не ўсе паспелі гэта зрабіць. Не дачакаўшыся заканчэння свята, яе дэмантавалі майстры коўкі і вырабу па метале прыватнай арганізацыі «В ажуре», якія яе зрабілі, як аказалася, не для горада. Такі дарагі выраб «паплыве» ў адзін з расейскіх гарадоў, які заплаціў за яе каля 20 тысяч даляраў. Відаць, бюджэту невялікага горада Глыбокае такая рыба «не па кішэні». Затое хапіла грошай выкінуць у паветра і зладзіць напрыканцы фэсту святочны феерверк, які ўразіў шматлікіх і крыху напужаў некаторых.

Сёлета з канцэртамі перад глыбачанамі выступілі музычна-гумарыстычная група «Будзьма» з беларускага горада Чэрвеня, шоў-група «Легенды Каўказа», якую прадставіла дыяспара Азербайджана ў Беларусі, народны хор украінскай песні «Крыніца» Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. А таксама канцэртную праграму прадставілі глыбоцкі вакальна-інструментальны гурт «Cheery town» і пастаўскі «Скіфы».

Але найбольш глыбачане чакалі выступу гурта «Беларусы» напрыканцы свята, асабліва людзі, якія валодаюць роднай мовай і паважаюць нацыянальную культуру.

На жаль, гурт іх расчараваў, рэпертуар групы амаль цалкам не адпавядаў назве, добрых беларускіх спеваў гучала няшмат. Затое рэміксы, каверы вядомых песень, у тым ліку з расейскіх і амерыканскіх мультфільмаў, а таксама спеваў на замежных мовах было шмат. Глыбачане нават не заклікалі арт-гурт «Беларусы» выступіць на «біс». Але музычны калектыў выклікаў на «біс» сябе сам і ўсё ж праспяваў напрыканцы сваю найлепшую песню ў рэпертуары на беларускай мове «Беларусы мы».

Такім чынам мінуў яшчэ адзін «Вішнёвы фестываль», які сёлета прайшоў падчас каронавіруснай пандэміі, а глыбачанам застаецца толькі чакаць наступнага свята з надзеяй на штосьці лепшае.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя