Святы польскай і габрэйскай культуры арганізуюць у Менску



Святы польскай і габрэйскай культуры арганізуюць на тэрыторыі Верхняга горада ў Менску 16-17 верасня.

16 верасня менчукоў і гасцей сталіцы чакаюць канцэрт мастацкіх калектываў, кірмашы народных майстроў, майстар-класы польскай кухні. На сцэне выступяць ансамбль польскай песні „Польскае рэха Астраўца”, танцавальны калектыў „Крэсовэ забавы”, маладзёжная музычная група „Скопы”, народны хор польскай песні „Прамень”, народны вакальны ансамбль „Крэсавяцы”, ансамбль польскай песні „Івянчанка”, народны фальклорны калектыў „Вярба”, індывідуальныя выканаўцы, а таксама ўзорны дзіцячы тэатр „Надзея”.

Сваю творчасць прадставяць народныя ўмельцы з Гарадзенскай, Менскай абласцей і Менска. Унікальную экспазіцыю „Беларусы ў складзе Войска Польскага” прывязе Ігар Бабіцкі, калекцыю грашовых знакаў і манет часоў Рэчы Паспалітай – Іосіф Суднік. Таксама можна будзе ўбачыць экспанаты Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту. Наведвальнікам прапануюць пакаштаваць нацыянальныя стравы: журак, флякі, бігас, галубцы, галёнку і інш. Свята польскай культуры пройдзе ў беларускай сталіцы другі раз і адкрыецца а 13-й гадзіне, яго арганізатарамі выступаюць грамадскае аб’яднанне „Саюз палякаў на Беларусі” і Менгарвыканкам.

17 верасня з 12.00 да 17.00 напярэдадні габрэйскага Новага года адбудзецца свята габрэйскай культуры, якое вечарам прадоўжыцца выступленнем у Музычным завулку спецыяльна запрошанага з Ізраіля Dj Tuka. Адчуць нацыянальны каларыт дапамогуць шматлікія майстар-класы і выстаўкі, фуд-корты з габрэйскімі традыцыйнымі стравамі, музычныя нумары і традыцыйныя габрэйскія танцы, віктарыны, конкурсы і інш. Для гасцей выступяць артысты розных напрамкаў: оперныя спевакі і сучасныя групы, такія як The Feedback і Tok Rukoo. Адным з цікавых нумароў праграмы стане паказ па ізраільскім баявым мастацтве краў-мага. Прадугледжана вялікая колькасць інтэрактыўных забаў, у тым ліку для дзяцей. Тыя, хто шукае не толькі весялосці, але і новых ведаў, духоўнасці, карыснай інфармацыі, змогуць задаць пытанні рабіну, гісторыкам і майстрам кулінарыі. Арганізатары мерапрыемства – Саюз беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, Менгарвыканкам пры падтрымцы пасольства Ізраіля ў Беларусі.

belta.by