Сябры фонду “Ратуючы Спадчыну” наведалі Слонім
Слонім наведалі сябры дабрачыннага фонду “Ратуючы Спадчыну” з Менску. Сярод прысутных была заснавальнік і прэзідэнт фонду пісьменніца Іаана Рыўз (Ілона Караваева), якая нядаўна выкупіла слонімскую сінагогу 1642 года.
Ілона Караваева – артыстка, музыкант і пісьменніца, сябра Саюза музычных дзеячаў Беларусі. У апошні час жанчына піша казкі. Казкі Іааны Рыўз на ангельскай мове “ The tales of the lost forest“ прынеслі ёй званне лаўрэата ў намінацыіі “ChildrenLiterature” міжнароднага конкурсу ECG (Лондан) у 2018 годзе.
Цяпер Ілона Караваева займаецца пытаннямі слонімскай сінагогі і лёсам тых яўрэеў, якія жылі ў мінулых стагоддзях у Слоніме.
Госці фонду “Ратуючы Спадчыну” наведалі Жыровічы і ўсклалі кветкі да помніка загінулым воінам падчас Другой сусветнай вайны.
З Жыровіч менскіх гасцей чакаў маршрут па месцах дзейнасці, жыцця і пахвання слонімскіх яўрэяў. Былі наведаны магіла равіна Аўраама Вайнберга, сінагога і Пятралевіцкая гара каля Слоніма, дзе падчас вайны гітлераўцы расстралялі каля 21 тысячы яўрэеў. Усюды сябры фонду “Ратуючы Спадчыну” ускладвалі кветкі на магілы тых, хто стаў ахвярамі гітлераўскай акупацыі. Тым больш, 10 ліпеня слонімцы адзначалі дзень вызвалення Слоніма савецкімі войскамі.
Падчас візіту ў Слонім, спадарыня Ілона Караваева сустрэлася з пісьменнікам, краязнаўцам і гісторыкам Сяргеем Чыгрыном, дзе вялася гутарка пра лёс знакамітай слонімскай сінагогі, пра яе гісторыю і знакамітых слонімскіх яўрэяў, жыццё якіх раскінула па ўсім свеце.
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара