Сябры і ворагі, смерцю злучаныя
Сёлета, з нагоды 103-й гадавіны завяршэння Першай Сусветнай вайны (1914-1918), на старажытных могілках Пінска ўсталявалі памятны знак у гонар палеглых жаўнераў. Гэта ініцыятыва мясцовых аматараў даўніны.
Валун з шыльдаю – з’ява часовая, бо ў планах неабыякавых да мінуўшчыны пінчукоў, зрабіць сапраўдны помнік, скульптурную кампазіцыю з імёнамі вайскоўцаў. Чакаецца, што рэалізаваць задуму атрымаецца да канца наступнага года. Можа ўсё так і будзе, прынамсі, пачатак дадзены, але як вядома, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае.
На пінскіх старажытных могілках, вядомых з 1820-х гадоў, знайшлі спачын жаўнеры розных дзяржаў і вайсковых канфліктаў. Больш-менш захаваліся нямецкія пахаванні, а вось расейскія і польскія амаль знішчаныя. У 1960-70-я гады іх тэрыторыю адвялі пад камунальныя (грамадзянскія) могілкі і тагачасныя пінчукі “пацяснілі жаўнераў”. Акрамя таго разабралі праваслаўную капліцу святога Георгія.
На сёння ад расейскай часткі захавалася толькі дзве магілы: радавога Мікалая Разарэнава, забітага 22 снежня 1914 года, і палкоўніка Уладзіміра Луканіна, які загінуў у баі 15 траўня 1915 года. Іх магілы ацалелі не цудам, а толькі з-за таго, што меліся надмагілныя помнікі, а не тыповыя пліты, устаноўленыя Польскай дзяржавай у 1920-х гадах.
Польскім вайскоўцам “пашчасціла” больш, можна налічыць да 20 пахаванняў – служачыя Пінскай рачной вайсковай флатыліі, удзельнікі савецка-польскай вайны (1919-21), ахвяры восені 1939 года (пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну). Асаблівую цікавасць выклікае магіла Станіслава Маргуліса. Ён лічыцца першай ахвярай вераснёўскіх падзей 1939 года ў Пінску. Маргуліс быў вартаўніком Пінскай ваеннай рачной флатыліі, меў 58 гадоў. Яго закалолі штыкамі. Па інфармацыі краязнаўцы Эдварда Злобіна, верагодна, трагедыя адбылася з-за таго, што вартаўнік адмаўляўся адкрыць браму чырвонаармейцам. Але зноў жа, нейкага супраціву не было і хучэй у бальшавікоў асоба вартаўніка выклікала агрэсію, бо ўсё ж прадстаўляў ворагаў.
З упэўненасцю можна казаць, што за савецкім часам, знішчэнне ў Пінску пахаванняў польскіх вайскоўцаў і жаўнераў расейскай царкай арміі – акцыя наўмысная. Адвядзенне гарнізоннай часткі пад камунальныя могілкі быў удалым крокам, але памяць аказалася мацней.
На фота: Памятны валун з шыльдаю: “Вечная памяць, вечная слава воінам, загінуўшым у гады Першай сусветнай вайны”, фота аўтара.
На фота: Пахаванні нямецкіх жаўнераў часоў Першай Сусветнай, фота аўтара.
На фота: Тут знайшоў адвечны спачын палкоўнік Уладзімір Луканін (1870-1915).
На фота: Радавы Разарэнаў, надмагільны помнік адрэстаўравалі пінчукі-аматары мінуўшчыны, фота аўтара.
На фота: Грамадзянскія могілкі паглынулі гарнізонныя, фота аўтара.
На фота: Як найменей два разы на год прадстаўнікі польскай супольнасці збіраюцца на старажытных могілках: напярэдадні 1-га верасня ладзіцца занятак памяці для моладзі, а 2-га лістапада, на Дзяды, ўшаноўваюць памяць памерлых.
На фота: Старшы матрос Браніслаў Александровіч (1911-1934), фота аўтара.
На фота: Заціснуты грамадзянскімі пахаваннямі жаўнер, фота аўтара.
На фота: Калісьці вакол гарнізонных могілак раслі елкі – мяжа паміж вайсковымі і цывільнымі пахаваннямі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя