Сядзіба Нямцэвіча запрашае ўсіх жадаючых на дзень народзінаў гаспадара



16 лютага ў гісторыка-мемарыяльным музеі “Сядзіба Нямцэвічаў”, што ў Скоках, пройдуць урачыстасці з нагоды 260-х угодкаў з дня народзінаў Юліяна Урсына Нямцэвіча (1758-1841). Мерапрыемства адкрые выстава выданняў і архіўных матэрыялаў, літаратурна-музычная вечарына, а спецыяльным госцем на ім будзе польскі даследчык Шчэпан Каліноўскі. Кажа Андрэй Варабей – рэканструктар і ўдзельнік гістарычных фестываляў, у тым ліку і ў сядзібе Нямцэвічаў:

Людзі прызвычаіліся да цікавай карцінкі, да відовішча. І праз відовішча чалавек можа рэальна бачыць нейкія падзеі. Я магу сказаць, што ва ўсім свеце, напрыклад, у ЗША і Еўропе, мерапрыемствы да такіх падзей робяцца на вельмі высокім і сур’ёзным узроўні, вельмі шмат людзей, турыстаў – гэта вельмі добрая атракцыя. Зразумела, такія рэчы трэба падтрымліваць, арганізоўваць і развіваць далей.

Пісьменнік, гісторык і грамадскі дзеяч Юліян Урсын Нямцэвіч нарадзіўся на Берасцейшчыне. Вядома, што ён быў сакратаром нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы, ЗША і ганаровага грамадзяніна Францыі Тадэвуша Касцюшкі.

Пачатак урачыстасцяў а 15-й гадзіне.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Скокі

Фота mediabrest.by