Сядзібу Радзівілаў у Паланэчцы не прадалі. Не было жадаючых набыць
Паўторны аўкцыён па продажы сядзібы Радзівілаў у вёсцы Паланэчка Баранавіцкага раёна, прызначаны на 1 снежня, не адбыўся з-за адсутнасці заявак, паведаміў БелаПАН дырэктар Берасцейскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Павел Манько.
„Нерухомая гісторыка-культурная каштоўнасць „Будынак былога палаца” другі раз выстаўлялася на таргі па пачатковай цане, зніжанай на 80%, — сказаў Манько. — Магчыма, Баранавіцкі райвыканкам прыме рашэнне аб выстаўленні гэтага аб’екта на продаж з пачатковай цаной, роўнай адной базавай велічыні”.
Інфармацыя аб аўкцыёне была размешчаная на сайце Берасцейскага аблвыканкама. Паведамлялася, што на аўкцыён выстаўленая нерухомая гісторыка-культурная каштоўнасць „Будынак былога палаца”: двухпавярховы цагляны будынак 1836 года пабудовы плошчай больш за 1,6 тыс. квадратных метраў, сталовая з трыма прыбудовамі, кацельня і зямельны ўчастак плошчай 3,3671 га.
Прадавец нерухомай маёмасці — аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама. Пачатковы кошт — 19.210 рублёў 72 капейкі (зніжаная на 80%). Сума задатку — 3.800 рублёў.
Сярод умоў конкурсу: заключэнне дагавора на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю (рэстаўрацыю) аб’екта на працягу 45 дзён з даты падпісання акта прыёму-перадачы аб’екта; правядзенне яго рэканструкцыі (рэстаўрацыі) у тэрміны, прадугледжаныя праектна-каштарыснай дакументацыяй; падпісанне ў Міністэрстве культуры ахоўнага абавязацельства на гісторыка-культурную каштоўнасць; выкарыстанне аб’екта на працягу трох гадоў з моманту ўводу ў эксплуатацыю.
Як паведамляў баранавіцкі партал Intex-press, у 2014 годзе гэты будынак быў прададзены ТАА „Спецактыўбуд-інвест”. Фірма не здолела выплаціць ўвесь кошт палацавага комплексу і знайсці інвестара для рэстаўрацыі, таму ўлады канфіскавалі сядзібу, каб зноў выставіць на таргі.
У 2016 годзе сядзібу выставілі на аўкцыён. Тады яе прадавец — аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама — запытаў за аб’ект амаль 77 тыс. рублёў.
Палац Радзівілаў у Паланэчцы — помнік архітэктуры эпохі класіцызму. Пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя на загад Мацея Радзівіла. Нашчадкі Радзівілаў жылі ў палацы да 1939 года. Падчас Другой сусветнай вайны палац моцна пацярпеў, але быў адноўлены. У яго сценах размясцілася школа-інтэрнат. У 1990-х гадах з-за таго, што доўгі час не праводзіўся капітальны рамонт будынка, у ім праваліўся дах. Школу-інтэрнат адтуль перавялі, палац быў закінуты.
belapan.by