Сядзібу Рэйтанаў рэстаўруюць
Старадаўнюю сядзібу ў Ляхавіцкім раёне рэстаўруюць па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва „Польшча-Беларусь-Украіна” на 2014-2020 гады, паведаміла метадыстка па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Скрыпнік.
Ляхавіцкі райвыканкам сумесна з гмінай Пухачуў атрымалі адабрэнне Еўракамісіі на рэалізацыю праекта пад назвай „Аднаўленне агульнай культурнай спадчыны як асновы для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва моладзі і творчых груп Польшчы і Беларусі”.
Сума фінансавання складзе 2 млн 375 тыс. еўра, у тым ліку грант, выдзелены беларускаму боку, складае 1 млн 187,5 тыс. еўра. Так, плануецца часткова рэстаўраваць сядзібны дом і правесці кансервацыю капліцы былой сядзібы Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка. Тэрыторыя комплексу будзе выкарыстоўвацца як турыстычны гісторыка-культурны цэнтр, які стане месцам правядзення розных масавых мерапрыемстваў.