Сярэдневяковыя квэсты чакаюць гасцей „Рыцарскага фэсту” ў Мсціславе
У Мсціславе 4-5 жніўня пройдзе свята сярэдневяковай культуры „Рыцарскі фэст”.
Адкрыццё свята і шэсце рыцарскіх клубаў традыцыйна пройдуць на плошчы Пятра Мсціслаўца. Чакаецца каля 40 рыцарскіх аб’яднанняў. Баі і паказальныя выступленні разгорнуцца на рысталішчы Замкавай гары.
У цэнтры горада размесціцца Горад майстроў. Будуць працаваць адкрытыя кафэ і выязны гандаль. Зноў наведаюць свята кулінары з Літвы, каб парадаваць смачнымі мяснымі і агародніннымі далікатэсамі, самаробнымі напоямі.
Упершыню з’явіцца магчымасць убачыць фестываль з вышыні птушынага палёту. За горадам будзе арганізавана работа аэраклуба, і ўсе жадаючыя змогуць падняцца над святочным Мсціславам. Акрамя традыцыйных рыцарскіх баёў, турніру лучнікаў, конных забаваў ад клуба „Залатая шпора” вырашана ўключыць у праграму розныя сярэдневяковыя прыгодніцкія квэсты. Напрыклад, квэст „Падарожжа ў часе” будзе праводзіцца для дзяцей у старадаўняй пажарнай каланчы, якая ператворыцца ў сапраўдную сярэдневяковую вежу. Тут таксама можна будзе ўбачыць выстаўку „На службе пажарнай”.
Не менш захапляючымі абяцаюць быць квэст-гульні для дарослых: „Скарб Сярэднявечча” і „Таямніцы рукапісу Сярэднявечча” ў падзямеллі кармеліцкага касцёла. Удзельнікаў чакаюць прыгоды з пошукам ключоў, разгадваннем галаваломак, сустрэчы з гістарычнымі персанажамі, а пераможцы атрымаюць прызы. Адметнай асаблівасцю выстаўкі з фондаў мясцовага гісторыка-археалагічнага музея „Скарбы Мсціслаўскай зямлі” стане сапраўдны залаты дукат (або галандскі гульдэн), знойдзены ў 1990 годзе Алегам Трусавым каля кармеліцкага касцёла. Можна будзе ўбачыць і іншыя рарытэты з нумізматычнай калекцыі.
У час экскурсіі „У віхуры стагоддзяў” прапануюць наведаць унікальны раскоп старажытнага гарадзішча на Замкавай гары. Тут жа ў вежы-данжоне будзе адкрыта выстаўка калекцыйнай зброі. Прыцягне ўвагу і выстаўка „Паляванне на ведзьмаў”, дзе ўсе экспанаты ўяўляюць сабой яркую ілюстрацыю часоў інквізіцыі і выкананы па тэхналогіях таго часу.
У Мсціслаў з канцэртам прыедзе расійская фолк-метал група Alkonost. Гэта музычны калектыў з горада Набярэжныя Чаўны. Парадуюць сваёй творчасцю пастаянныя госці: „Літы Талер”, PAWA і іншыя. Тэатр фарсу і агню Balagan Band запаліць ноч фаер-шоу, парадуе сцяг-шоу і шоу на хадулях. На начлег госці змогуць размясціцца ў палатачным лагеры на пляцоўцы каля цэнтра фізкультурна-аздараўленчай работы „Алімп”. Сюды падведзена вада, установяць біятуалеты і дазволяць выкарыстоўваць вогнішчы для прыгатавання ежы. Паркоўкі для аўтамабіляў размесцяцца каля гасцініцы і на вуліцах Юрчанкі, Інтэрнацыянальнай і Комунарнай. Цэны на білеты засталіся ранейшымі, а набыццё комплекснага білета дасць магчымасць сэканоміць і наведаць самыя відовішчныя выступленні.