Сяргей Абламейка: Гэта штучна інспіравана тымі, хто хацеў аслаблення Беларусі



Нечаканая напружанасць узнікла апошнім часам паміж уладамі Літвы і мясцовай беларускай дыяспарай. Прычынай стала трактоўка гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, якую ўмоўна называюць ліцвінізмам. Яе хваравіта ўспрымаюць у Літве. Нядаўна на тэму ліцвінізму ў Сейме адбылося супольнае пасяджэнне гісторыкаў з Беларусі і Літвы. Дык што гэта за праблема?

З гісторыкам Сяргеем Абламейкам пагутарыў Алесь Аркуш.

РР: У парламенце Літвы адбывалася дыскусія на гэтую тэму. Яна сапраўды сур’ёзная?

– Не. Яна стала сур’ёзнай. Я лічу, што ўсплёск гэтага ліцвінізму, які адбываецца пераважна ў інтэрнэце. Найперш гэта інспіравана Расеяй і неразумнымі людзьмі, якія паддаліся гэтаму. Тут трэба раздзяліць гэтую праблему. Адна праблема, што гістарычна сапраўды існавала Вялікае Княства Літоўскае, існавала Літва, існаваў харонім – гэта значыць геаграфічная назва пэўнай тэрыторыі, якая доўгі час тычылася значнай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі. Адпаведна людзі, калі выязджалі за межы гэтай тэрыторыі, называлі сябе ліцвінамі. Так Скарыну запісалі ў Кракаўскім універсітэце ліцвінам. А ў Падуанскім універсітэце – русінам. Так і ў 17 стагоддзі людзі сябе называлі – беларусцы-ліцвіны ў Расеі. Як палітонім, назва па прыналежнасці да дзяржавы.

РР: То бок, гэта чалавек, які паходзіць з Вялікага Княства Літоўскага.

– Так. Тэрыторыя доўгі час называлася Літвой. Насамрэч вельмі цяжка вызначыць, дзе яна была. Гэта пісалі гісторыкі, займаліся гэтым. Яна „вандравала” – то „ішла” на Захад, то на Усход, то вярталася назад. Факт такі, што гэта адзін з гістарычных палітонімаў і нават этнонімаў сучасных беларусаў. У 19 стагоддзі ўжо былі людзі і сярод простых слаёў, не толькі шляхта, якія называлі сябе ліцвінамі. Але тут галоўнае вось што, галоўная праблема ў супрацьпастаўленні Беларусі Літве. Беларускія гісторыкі лічаць Літву часткай гісторыі Беларусі, а агрэсіўныя ліцвіны спрабуюць дэканструяваць і пераназваць беларускі нацыянальны праект, беларускую нацыю, беларускі нацыянальны рух, беларускі народ.

Цалкам гутарку слухайце з далучаным гукавым файле.

У Літве вельмі сур’ёзна ўспрынялі беларускі ліцвінізм. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі збірае інфармацыю пра пагрозы і фактары рызыкі, звязаныя з новай дыяспарай беларускіх мігрантаў, і ва ўстаноўленым законамі парадку перадае яе заканадаўцам. У выніку ўзніклі праблемы ў некаторых беларусаў у Літве, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя