Сяргей Астраўцоў: Я меў нагоду пераканацца, што мы можам памятаць па-рознаму



Пра шуфляды памяці гутарым з Сяргеем Астраўцовым, аўтарам кнігі “Спадар Свабода” – біяграфічнага рамана пра Ігара Герменчука, беларускага героя, які жыў у наш час.

  “Задача вырашаная ў той момант, калі пастаўленая”, – гаварыў Нобелеўскі лаўрэат Джон Нэш. Якую задачу вы ставілі пяць гадоў таму, калі пачыналі пісаць дакументальную кнігу пра рэдактара газеты “Свабода”, Ігара Герменчука?

– Сёння мне гэта сказаць лягчэй: вярнуць Беларусі яе героя. Сучаснай Беларусі сучаснага героя. Няхай гэта гучыць высакамоўна, але гэта праўда. А пачаткова: замацаваць на паперы жыццё Ігара Герменчука, яго вобраз, і для гэтага спачатку ўзнавіць іх. Бо чалавек сышоў і стаў забывацца. Не кажучы: патрыятычная моладзь (пра іншую мовы няма) вельмі часта паняцця не мае аб тым, кім ён быў, што рабіў, якой была яго роля ў змаганні за Беларусь у шырокім сэнсе. Яна не ведае такога імя. А так быць не павінна. Няхай начальства Герменчука з паплечнікамі замоўчвае, ім няма месца ў энцыклапедыі, у падручніках, у афіцыйным варыянце гісторыі, мы зробім насуперак, як заўсёды рабіў ён сам…

Калі быць зусім дакладным: задачу паставіў мне Аляксандр Лукашук. Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода і, як ён сябе таксама называе, бібліятэкар кніжнай серыі “Бібліятэка Свабоды ХХІ стагоддзя”, якую стварыў сам Лукашук. Гэта была замова. Для мяне нечаканы досвед і пры гэтым, вядома, пазітыўны. Чаму? Ты адчуваў увесь час падтрымку, зацікаўленасць у выніку тваёй працы. Усё пачалося менавіта зусім нечакана, думаю, для нас абодвух: з трыялета Максіма Багдановіча “Калісь глядзеў на сонца я…”  Была нагода, я падзяліўся з ім успамінам: як студэнт факультэта журналістыкі БДУ Ігар Гермянчук у інтэрнаце дэкламаваў гэты трыялет, які вельмі любіў. Магчыма Аляксандр Лукашук змог гэта жыва ўявіць. А Герменчука ён ведаў асабіста, друкаваўся ў “Свабодзе”. І паўстала задума кнігі. У свабодаўскай серыі кніга пра рэдактара “Свабоды” глядзелася б вельмі натуральна. Ну, а хто мог бы яе напісаць? Ён прапанаваў мне. Мы з Ігарам разам вучыліся ва ўніверсітэце, пазней працавалі ў газеце, сябравалі дваццаць гадоў, нават крыху болей, да самай ягонай смерці… Наколькі арыентуюся, Лукашук ведаў, што я напісаў перад тым тоўсты раман, а без такога досведу пацягнуць значную кнігу, скажу я вам, вельмі праблематычна. Мала хацець напісаць вялікі па аб’ёму твор, трэба навучыцца, трэба ўмець. І мне мой раман (які дагэтуль ляжыць у шуфлядзе, яго назва — “Багуславія”) сапраўды вельмі дапамагаў у працы. А замова гучала проста: біяграфія Ігара Герменчука.

– Да якога жанру вы адносіце кнігу?

.- Мой рэдактар вызначае яго як — біяграфічны раман. Думаю, ён мае рацыю. Пры гэтым другое слова можна паставіць на першым месцы. Я патлумачу пазней. У жыцці нярэдка нешта робіш першы раз. Я пачаў традыцыйна для нашай літаратуры: ствараць вобраз героя, бадай блізкі да рамантычнага. Пры гэтым у мяне быў вельмі прыдатны свежы прыклад, што праўда — польскі. Кніга “Kapuscinski non-fiction”. Супрацоўнік “Gazeta Wyborcza” Артур Дамаслаўскі напісаў пра вядомага ў нас Рышарда Капусцінскага, майстра мастацкага рэпартажу, аўтара папулярных у свеце кніг. 600 старонак вялікага фармату. Дамаслаўскі пачаў з таго, што апытаў каля ста чалавек, хто ведаў Капусцінскага. У мяне апытаных было ў два разы меней. Іх успаміны і мае асабістыя сталі асновай кнігі — такой, якой яна атрымалася ў мяне пачаткова.

І толькі потым наступіў другі этап, працяг — шчыльная праца з рэдактарам. Гэта быў год вельмі інтэнсіўнай працы. Адразу было вызначана: выпусціць дынамічны чытабельны твор. Дзе гісторыя, звязаная з героем, няхай не пераважае, але яны займаюць пад вокладкай роўнае месца. Такая тэндэнцыя ў свеце, што датычыць біяграфій. Яны вельмі папулярны сёння, не ў Беларусі, канечне. Беларусы вучацца ў рускіх школах і знаходзяцца ў палоне рускай культуры. Іх цікавіць Ясенін, Маякоўскі, але не Дубоўка і Пушча.

Дык вось: сучасны біяграфічны раман зарыентаваны на чытача, які любіць чытаць наогул, а не на тых, хто цікавіцца пэўнай гістарычнай ці творчай асобай. Сёння адбываюцца пошукі новых сродкаў, у пэўным сэнсе спаборніцтва. Як відазмяняецца звычайны раман, так жа адбываюцца пошукі на мяжы жанраў і ў галіне біяграфічнага рамана. Што патрэбна, каб такую кнігу сёння прачыталі? Каб закладзены быў рух, энергія, інтрыга, імпэт, рытм. Аўтару трэба сказаць сабе: змест важны, безумоўна, ён — аснова, але без пошукаў свежай формы шанцы стварыць кнігу, якая можа выклікаць цікавасць, значна меншыя. Трэба быць шчырым з самім сабой у гэтым сэнсе. Словам, ты пішаш перш менавіта раман, у змесце якога біяграфія. Прыблізна так можна акрэсліць.

Я цяпер проста падсумоўваю. Калі пісаў, мне было не да гэтых разважанняў. Я асэнсоўваў такія рэчы падчас працы, даходзіў да іх за варштатам. Асоба Ігара Герменчука якраз адпавядала мэце напісаць дынамічную кнігу з нечаканым зместам. Яго жыццё было яркім, смелым і адначасова напоўненым драматычнымі здарэннямі. Хто выклікае агонь на сябе, той пастаянна рызыкуе. Ён быў такім. Аляксандр Лукашук напісаў уступ да кнігі, ён прызнаўся, што біяграфія Герменчука чытаецца “як франтавы раман”. І патлумачыў: “таму што вайна за Беларусь — заўсёды вайна за свабоду”.

– Падчас працы над кнігай вы мелі справу з успамінамі, якія не толькі суб’ектыўныя ад пачатку, але  з часам робяцца фрагментарнымі, скажаюцца, а таксама свядома “перапісваюцца”. Як вы працавалі з матэрыялам, як вызначалі, што ўвойдзе ў кнігу, а што – не? Ці праводзілі верыфікацыю?

– Адным з першых маіх уражаннем якраз і было тое, што мы хутка забываем, што мы дрэнна памятаем. З часу смерці Герменчука здарылася столькі гвалтоўных падзеяў, столькі ўсяго адмоўнага. Што агрэсіўна займала шуфляды нашай памяці. Мы адчувалі пастаянна, як мацнее прэсінг інфармацыйнай навалы. Зверху нястомна закручвалі гайкі, перакрывалі кісларод, апантана абмяжоўвалі свабоду. Метадычна, мэтанакіравана. Год за годам, дзесяцігоддзямі. Газету “Свабода” засыпала жвірам часу напалову са смеццем. Дзе Свабода? Няма яе. І праўды няма. Гермянчук калісьці прыдумаў заклік да чытачоў: “Хочаш ведаць праўду? Падпісвайся на “Свабоду”! Бо якая можа быць праўда без свабоды?

Успаміны-успамінамі, але кніга ёсць кніга. Яна не можа быць онлайн-трансляцыяй, пераўвасобленай у словы, замацаванай на паперы. Не кажучы: каб хаця б пад рукой аўтара былі падрабязныя дзённікавыя запісы. Скажам, Герменчука і ўласныя. Такіх дзённікаў не існуе. Газета — гэта заўсёды гонка, штодзённы канвеер, натаваць думкі, уражанні? Да гэтага рукі не даходзяць. Тым больш газета “Свабода” — гэта барыкада, гэта змаганне.

Што мне заставалася? Праца над рэканструкцыяй памяці. А наша памяць — рэч вядомая. То здымкі выразныя, то занадта зярністыя, то размытыя, бляклыя, быццам выцьвілі ці выгарэлі на сонцы. То быццам наклаліся выявы, змяшаліся. Што гэта? Аберацыя памяці? Нічога не зробіш. Трэба размаўляць з людзьмі, высвятляць, знаходзіць адказы. Удакладняць, наколькі атрымаецца. Іншага выйсця няма. Людзі падмацавалі вобраз Герменчука, дапамаглі зліквідаваць лакуны, сцерці белыя плямы, напоўнілі кнігу дадатковым зместам. Без гэтых людзей бы я быў як без рук. 

Хаця ў нас усіх аднолькавыя хібы. Мілан Кундэра лічыць, што нам вядомая рэальнасць толькі ў мінулым часе. Мы не ведаем яе такой, якая яна ёсць у момант, калі адбываецца, калі існуе. Момант рэчаіснасці не падобны да ўспаміну аб ім. Што рабіць, мы аналізуем рэальнасць такой, якой яна захавалася ў нашай свядомасці, у нашай памяці. Інакш не бывае. І ўяўленне не можа аднавіць забытае, каб атрымалася як на выразных здымках. Мы не ўмеем утрымаць цяперашняе ў памяці і не ўмеем яго аднавіць з дапамогай уявы, нагадвае Кундэра. Гэта жыццё. Рэальнасць выслізгвае з нашых рук. Але задача пісьменніка, не зважаючы на гэта, спрабаваць ухапіць канкрэтнасць рэчаіснай хвіліны. І не выпускаць з-пад увагі, што жыццё — пастаяннае суіснаванне банальнага і драматычнага.

Трэба разумець, што не расповяд людзей знутры сітуацыі ў мяне ў вушах (я гадзінамі праслухоўваў у навушніках запісы ўспамінаў), а расповяд згодна таму, як яна запомнілася, як прыгадалася ўсё праз вялікі час, праз гады. Урыўкі, фотаўспышкі ў памяці. Як бы запісы без даты. Мала таго, перамяшаліся, змянілі ў памяці месца, у храналогіі апынуліся ў зыначаным парадку. Як магло здарацца і здаралася яшчэ ў старых летапісах і хроніках.

Згодна таму ж Мілану Кундэру, любая дробная падзея, як толькі становіцца мінулым, адразу траціць сваю канкрэтнасць, застаецца бачнай толькі ў контурах. І аповед аб ёй будзе звычайна сціслым выкладам, спрашчэннем, абстракцыяй. Аблічча жыцця, яго проза могуць быць рэчаіснымі толькі ў сапраўдным часе, перакананы вядомы пісьменнік. Але як распавесці пра мінулыя падзеі, каб аднавіць сапраўдны час, імі страчаны? — ставіў пытанне ён і сам адказваў на яго — раманістамі знойдзены рэцэпт — прадстаўляць мінулае ў сцэнах. Нават пераказаная ў мінулым часе сцэна перадае рэчаіснае — “мы бачым яе і чуем, яна разгортваецца перад намі тут і цяпер”. Уласна кажучы, запісаныя мною ўспаміны іншых людзей мне істотна дапамаглі аднавіць мінулыя сцэны, без чаго многае засталося б расплывістым, акрэсліць сілуэты больш выразна не атрымалася б. Такая праўда.

Калі працаваў над кнігай, сутыкнуліся на гарадзенскай вуліцы з Міколам Маркевічам: “Як табе ўдаецца пра Герменчука пісаць?”, здзіўляецца і прызнаецца: ён пераканаўся, што многае забылася, што аднавіць у памяці, бывае, амаль нерэальна. Я пагадзіўся, але тлумачу: “Бярэш нейкае слова, сказ, пачуты ад яго, нейкую сітуацыю, нейкі настрой, што запомніўся, і пачынаеш пакрысе, па ланцужку выцягваць з памяці, аднаўляць размову, карціну, якісьці выпадак. Гэта сапраўдны няпроста, але нікуды не дзенешся”.

Так, я меў нагоду не раз пераканацца, што мы можам памятаць па-рознаму і праз час блытаць некаторыя рэчы. Таму мы з рэдактарам Сяргеем Дубаўцом спраўджвалі, узгаднялі, удакладнялі. Бывала, моцна спрачаліся, не пагаджаліся адзін з адным. Не толькі што датычыць успамінаў іншых, але нашых з ім таксама, погляду на некаторыя рэчы. І жадання: што пакінуць у кнізе, а што не. Мы часам крыху адрозна, ці зусім па-рознаму глядзелі на паасобныя факты, здарэнні, падзеі. Пры гэтым ён прызнаваўся мне: што ў нас з ім у кожнага шмат асабістага звязана з Ігарам. Аднак аўтарам кнігі быў я, не ён.

Сітуацыя атрымалася, можна сказаць, унікальнай. Для беларускай літаратуры дакладна. Дубавец, Гермянчук і я сябравалі ва ўніверсітэце. Мы былі тройцай, аб якой адзін былы журфакавец нядаўна ўспамінаў літаральна так: высокія, вусатыя, прыстойна выглядаюць і размаўляюць па-беларуску (што было ў БССР вельмі вялікай рэдкасцю)… І мы ўдвух, аўтар і рэдактар, цяпер аддалі даніну нашаму сябру. Выйшла кніга пра Герменчука, пра наша сяброўства, пра наш час, пра “Свабоду”, пра нашу Беларусь, якая пабыла адной нагой рыцарскай…

– У кнізе шмат пытанняў без адказу. Напрыклад: куды ў 1979 годзе падзеўся шрыфт для падпольнай друкарні?  Пасля публікацыі кнігі на сайце Радыё Свабода стваральнікі друкарні абмяркоўвалі гісторыю са шрыфтам на фейсбуку. Складвалася ўражанне, што фінал невядомы нікому. Хто пісаў “не памятаю”, хто сведчыў, што шрыфты закапаныя, называў месца і прапаноўваў паехаць і адкапаць? Ці варта пры напісанні кніг нон-фікшн глыбока “капаць” у прамым і пераносным сэнсе?

– Не ведаю, можа проста ў рамане на кожнае пытанне чытач чакае адказу. Хаця не выключаю, што сёння і біяграфіі могуць так пісацца. Але гэта дакументальная кніга. Дадумваць, не маючы звестак? Такой думкі ў мяне не ўзнікала. Для мяне ў незразумелых, цьмяных момантах — магія літаратуры. Нават дакументальная кніга — не газета. Што датычыць таго, куды падзеўся шрыфт для падпольнага выдання — я пастараўся са свайго боку паставіць кропку, наколькі мог. Распытаў некалькіх чалавек. Адны сказалі, што не памятаюць або не ведаюць. Запісаў таксама цікавы ўспамін чалавека, які мне вельмі дапамог. Але фінал не задаволіў рэдактара і ён яго проста выкінуў, хаця я быў супраць.

–  Ці плануеце працягнуць працу над кнігай? Ці чакаць варыянт “дапоўнены” і дапрацаваны?

– Варыянт дапоўнены, дапрацаваны — дакладна не планую. Мне гэта проста нецікава. І сэнсу не бачу. Сэнс мог бы быць толькі ў тым выпадку, каб нейкі значны выдавец займеў амбіцыю надрукаваць салідны том пра Герменчука. Але гэта не ў Беларусі чырвона-зялёнай відавочна. Іншай, аднак, няма. У мяне ў шуфлядзе мноства ўспамінаў, якія не дазволіў выкарыстаць фармат кнігі, яе накіраванасць. Апроч таго збіраюцца новыя звесткі, як гэта і бывае звычайна, калі застаешся ў тэме. Так што іншая кніга пра рэдактара “Свабоды”, яна ў значнай ступені ўжо ёсць. Трэба толькі дапісаць, дапрацаваць. І шукаць выдаўца. Чым будзе адрознівацца? Будзе менш газеты, гэта безумоўна, і значна менш палітыкі. Больш асабістага, мемуарнага. Пра час, пра жыццё, пра факультэт журналістыкі. Не толькі пра Герменчука асабіста, але ён застанецца ў цэнтры аповеду. Назва ёсць.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя