Сяргей Будкін: Гэты ціск рэжыму паказвае, што культура – гэта важна
Зачысткі па ўсей Беларусі. З’явілася інфармацыя, што на розных прадпрыемствах і арганізацыях звальняюць людзей па нейкіх спісах, у тым ліку па спісах КДБ. Ахапіла гэтая рэпрэсіўная хваля і сектар культуры – дзяржаўныя музеі, бібліятэкі, галерэі і гэтык далей. Пра гэта пагаворым з нашым сённяшнім госцем – кіраўніком Беларускай Рады культуры Сяргеем Будкіным.
РР: Пачнем размову з непрыемных навінаў. Ідзе хваля ператрусаў па ўсёй Беларусі, ведаем, што звальняюць людзей на прадпрыемствах, а таксама ёсць інфармацыя, што гэтыя звальненні закранаюць і культурныя ўстановы. Што вядома на гэты момант?
Сяргей Будкін: Мы таксама збіраем гэты пазл, таму што вельмі шмат паведамленняў. Наколькі зараз можна зразумець гэтую механіку, то вылічаюць людзей, якія альбо ўваходзілі ў ініцыятыўныя групы незалежных кандыдатаў у прэзідэнты, альбо збіралі подпісы, альбо проста выказваліся ў сетках. І гэты кантроль ідзе з падвойным ціскам. Ён такі знешні, то бок, ідэолагі, КДБ і кантралюючыя розныя службы манітораць гэта. Плюс, што самае сумнае, унутры калектываў дадзена разнарадка дырэкцыямі ўстановаў, каб яны самі вылічалі гэтых супрацоўнікаў, і адпаведна дырэкцыя пад пагрозай звальнення прапаноўвае даносіць на сваіх калегаў. Вядомыя ўжо факты адмовы. Факты, калі чалавек пагадзіўся, мы не ведаем, але натуральна такая з’ява ёсць. Калі казаць пра лічбы, то як мінімум толькі ў трох калектывах у Менску, я маю на ўвазе філармонію, Вялікі тэатр і Нацыянальны гістарычны музей, колькасць звольненых, можа быць, дасягае 200 чалавек. Але пры гэтым, зразумела, калі звольняць усіх па спісу, то гэта будзе поўны разгром сферы, тут касцінг не дапаможа, таму хутчэй за ўсё гэта спіс тых людзей, на якіх будуць ціснуць і выцісківаць з іх лаяльнасць, то бок, альбо праз даносы, альбо праз прызнанне, альбо праз тое, каб яны нешта выдалілі з сетак і г.д. То бок, натуральна, што гэтая колькасць людзей хутчэй за ўсё звольненая не будзе, будуць звольненыя толькі тыя, хто не пагадзіўся на прапанаваныя ўмовы.
РР: Альбо, скажам так, найбольш актыўна, ва ўяўленні кіраўніцтва гэтых установаў, сябе праявіў. Тут можна згадаць Купалаўскі тэатр, калі асноўная частка калектыву сышла, пазней былі гэтыя шматлікія кастынгі, на сёння гэтыя кастынгі надалей працягваюцца, то бок, бачым, што ўстанова знішчаная, аднавіць сваю працу яна ўжо не змагла. А цяпер прыйшла інфармацыя, што прыгодніцкі фільм, у здымках якога ўзялі ўдзел купалаўскія акторы, нават знялі з кінатэатраў. Гэты абсурд працягваецца.
Сяргей Будкін: Так, натуральна. Прыклад купалаўцаў тут, канешне, самы ўзорны, калі практычна ўвесь калектыў стаў сцяной і сышоў. Прыблізна было тое ж самае і ў Гарадзенскім драмтэатры. Але, на жаль, у большасці ўстановаў адбываецца такая сітуацыя, што кагосьці звальняюць, але людзі думаюць, што гэта не пра мяне, і думаюць, што пранясе, думаюць, што гэта не мая справа. І таму мы бачым, што першая хваля звальненняў, якая прайшла адразу пасля жнівеньскіх падзеяў, яна закранула самых актыўных, самых смелых, якія ўпісваюцца ў паняцце грамадзянскай мужнасці. Другая хваля закранула тых, хто падтрымаў іх, але працягваў працаваць. І я думаю, што вось гэтая трэцяя хваля кранае ўжо тых, хто проста нешта сабе думаў, але асабліва не выказваўся. Я думаю, што магчымыя і чацвёртая, і пятая, і шостая хвалі, і будуць проста вылічваць людзей, якія «ўмеюць размаўляць». Да гэтага абсурду мы ідзем, і кожная хваля ўжо звязана з нейкім абсурдам.
РР: Што можам зрабіць, вы, як Беларуская Рада культуры, і мы ўсе? Або як можна падтрымаць тых людзей, пра якіх вы сказалі, што яны трапілі ў нейкія спісы і могуць трапіць у пастаянны прэсінг? Як на гэта рэагаваць?
Сяргей Будкін: Па-першае, не асуджаць. Таму што самая відавочная рэакцыя: чаго вы сядзелі, чаго вы маўчалі, вось дачакліся. Таму што, цалкам зразумелая атмасфера, у якой усё гэта адбываецца: людзі займаюцца самазахваннем, у людзей сем’і, натуральна, што ў кожнага свой парог смеласці, болю і г.д. Таму, па-першае, гэтых людзей хаця бы маральна падтрымліваць. Па-другое, мы зараз спрабуем ацаніць сітуацыю, хочам запусціць анкетаванне сярод тых, каму пагражае звальненне, або яны звольнены, каб яны самі пазначылі магчымыя выхады з гэтай сітуацыі, бо натрульна мы не можам ні заклікаць да страйку, мы не можам прапанаваць нейкую працу, таму што часцей за ўсё гэта вузкія спецыялісты, якія патрэбныя канкрэтнай установе.
РР: На гэты момант над чым больш сканцэнтравана дзейнасць Беларускай Рады культуры?
Сяргей Будкін: Мы запускаем догатэрміновыя праграмы па развіццю культуры, якія будуць працаваць не на нейкую аднаразовую падтрымку, якая, па сутнасці, нічога не дае, таму што калі чалавеку даць грошы на падтрыманне «штаноў» на месяц, то што яму рабіць далей. Таму мы зараз запускаем некаторыя праграмы, напрыклад, арт-рэзідэнцыі, дзе чалавек можа рэалізаваць сваю ідэю, ці прыдумаць сваю ідэю, ці пазнаёміцца з тым, з кім можна рэалізаваць ідэю. Таксама мы думаем пра школу арт-мэнэджмента, каб людзі пераходзілі ў сферу не толькі стварэння, але і суправаджэння культурніцкіх праектаў. Таксама мы думаем над праграмамі перакваліфікацыі. І ў прынцыпе настройваем грамадзянскую супольнасць на тое, што культура – гэта важна. Таму праграмы па яе развіццю трэба пашыраць.
Цалкам размова:
Беларуская рада культуры просіць: калі вам нешта вядома пра масавыя чысткі, або вы сталі іх ахвярай, паведамляйце пра гэта ў @by_culture_bot, альбо ў асабістыя сацыяльныя сеткі Сяргея Будкіна.
Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя