Сяргей Будкін пра вынікі праекта „Нерасстраляныя”



У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску, меркавана ва ўрочышчы Курапаты, савецкая ўлада расстраляла больш за сто прадстаўнікоў нашай інтэлектуальнай эліты. Сярод іх былі 22 літаратары. Сёння гэта дата адзначаецца як „Ноч паэтаў”.

Сяргей Будкін, аўтар ідэі і кіраўнік праекта “(Не)расстраляныя”, распавёў пра працу з тэмай рэпрэсій на сустрэчы ў Беларускім Моладзевым хабе ў Варшаве.

Ён вызначыў тры ўзроўні працы з гэтай тэмай. Першы –­ базавы – гэта ўшанаванне, якое адбываецца на асабістым узроўні, у фармаце талакі, памінальнай службы ці, напрыклад, вечара памяці. Другі ўзровень – палітычны. На ім фармуецца агульнае, дзяржаўнае стаўленне да гэтых падзей. У Беларусі з гэтым кепска: тэма не прысутнічае ў афіцыйным дыскурсе, а камуністычны тэрор не быў прызнаны злачынствам. Каб гэта адбылося ў будучыні, варта правесці падрыхтоўчую працу: сабраць факты рэпрэсій і на розных узроўнях давесці неабходнасць іх асуджэння. На трэцім узроўні гаворка вядзецца пра культуру памяці, пра тое, якімі метадамі і інструментамі трэба працаваць над траўмай мінулага. Каб тыя галасы, якія гучалі ў трыццатых, ажылі і натхнілі нас, каб мы іх прапусцілі праз сябе. З гэтымі мэтамі і быў створаны праект „(Не)расстраляныя” партала Tuzinfm.by – найбольш поўны рэсурсе па тэме. Праект пра жыццё і пра любоў – як называе яго сам аўтар.

Беларускае Радыё Рацыя