Сяргей Чыгрын: Гэта чарговая спроба рэабілітаваць Ларысу Геніюш



Сябры Згуртавання дэмакратычных сілаў Слоніма і Зэльвы падтрымалі ініцыятыву Партыі БНФ, якая пачала збор подпісаў за рэабілітацыю Ларысы Геніюш і ўключэнне яе твораў у школьную праграму, а таксама за тое, каб у Зэльве пераназваць вуліцу Савецкую ў вуліцу імя Ларысы Геніюш. Подпісы за рэабілітацыю Ларысы Геніюш пачалі збіраць на мінулым тыдні, сумясціўшы гэтую справу з выбарчай кампаніяй.

Як кажа беларускі літаратуразнаўца, гісторык Сяргей Чыгрын, гэта будзе чарговая спроба надаць вуліцы Савецкай імя Ларысы Геніюш.

– Большая палова жыхароў Савецкай вуліцы ўжо выказалася за тое, каб надаць вуліцы Савецкай імя Ларысы Геніюш. Перадалі гэтыя подпісы ў райвыканкам, затым у Гарадзенскі аблвыканкам. Але справу гэтую закрылі, а вуліцу так і не перайменавалі. Нібыта з’явілася заява ветэранаў вайны, якія супраць гэтага.

Паводле грамадскіх актывістаў, пераважная большасць зэльвенцаў і слонімцаў станоўча ставяцца і да таго, каб даць вуліцы Савецкай імя Ларысы Геніюш, а таксама ўключыць яе творы ў школьную праграму.

Беларуская літаратарка і грамадзкая дзяячка Ларыса Геніюш пахаваная ў Зэльве. Там яна жыла пасля вызвалення з савецкага лагеру.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя