Сяргей Кавалёў: Мусім узяць на сябе цяжар працы тых літаратуразнаўцаў, якія на радзіме



Беларускае літаратуразнаўства апынулася ў яшчэ больш складанай сітуацыі, чымсьці актуальная мастацкая літаратура. Бо афіцыйнае літаратуразнаўства ўтрымліваецца ў герметычным гета, калі вялікая колькасць важных тэмаў і аўтараў знаходзяцца пад цэнзурнай забаронай. То бок, аб’ектыўна і прафесійна даследаваць актуальную беларускую літаратуру практычна немагчыма. Але на шчасце ёсць беларускія літаратуразнаўцы, якія жывуць за мяжой і ніякая цэнзура і забарона на іх не дзейнічае. Сярод такіх літаратуразнаўцаў – доктар філалагічных навук, выкладчык Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў. З ім, Госцем Рацыі, пра сітуацыю ў беларускім літаратуразнаўстве, і пра яго асабістыя даследаванні паразмаўляў Алесь Аркуш.

РР: Сёння беларускім літаратуразнаўцам быць вельмі складана. Асабліва калі ты ў Беларусі, бо там існуе шмат табу: пра некаторых пісьменнікаў пісаць нельга, пра некаторыя працэсы таксама пісаць нельга. Але вы доўгі час жывеце за мяжой у Любліне і вам прасцей. Як працаваць беларускім літаратуразнаўцам за мяжой?

Сяргей Кавалёў: Цяпер стала цяжэй у тым сэнсе, што беларускі літаратуразнаўца за мяжой мусяць узяць на сябе цяжар працы тых беларускіх літаратуразнаўцаў, якія на радзіме. Гэта мы ўжо праходзілі ў 50-ыя гады, калі маглі пісаць замежныя нашыя беларускія літаратуразнаўцы, і ў Нью-Ёрку, і ў Еўропе, тое, што не можна было пісаць у Беларусі. І гэтыя кніжкі траплялі ў спецсховішчы. Мы пра іх ведалі.

Сёння мы маем, напрыклад, свае часопісы. У Польшчы выходзіць шмат навуковых часопісаў. У Варшаве «Аcta Albarutenika», у Беластоку «Białorutenistyka Białostocka», у Любліне «Studia Białorutenistyczne». У Любліне выйшла ўжо больш 15 тамоў. Гэты часопіс заснавалі яшчэ Міхал Саевіч з Рышардам Радзікам. Цяпер галоўным рэдактарам з’яўляюся я разам з намеснікамі гісторыкам Дарыюшам Тарасюком і мовазнаўцай Ядзвігай Казлоўскай-Додай. Мы публікуем тое, што нельга апублікаваць у Беларусі, пра тых пісьменнікаў. Гэта навуковы часопіс, не публіцыстычны, не палітычны. У Беларусі сёння столькі тэм забаронена, ну, напрыклад, у апошнім нумары быў артыкул пра прозу Альгерда Бахарэвіча. Гэты артыкул не мог быць, ясная справа, апублікаваны ў Беларусі, таму што раман Альгерда «Сабакі Еўропы» лічыцца экстрэмісцкім выданнем. І так далей, і так далей.

Потым мы арганізуем таксама канферэнцыі, у якіх удзельнічаюць літаратуразнаўцы, якія страцілі працу ў Беларусі, якія выехалі з краіны. Вось у нас была канферэнцыя, прысвечаная беларусістыцы сёлета ў чэрвені. Мы потым гэтыя матэрыялы публікуем у нашым часопісе. Ну і праводзім таксама ўласныя даследаванні беларускай літаратуры, іншых славянскіх літаратур. Я займаюся фактычна трыма літаратурамі – беларускай, украінскай і рускай. Маецца на ўвазе сучасная драматургія. Мяне цікавіць, як гэтыя славянскія драматургіі развіваюцца. І я доўгі час займаўся як даследчык вывучэннем даўняй літаратуры – Вялікага Княства Літоўскага. Выдаў некалькі манаграфій. А ў апошнія гады вярнуўся да сучаснай літаратуры.

РР: І вось як раз пра сучасную беларускую літаратуру. Я ведаю, што вы працуеце над кнігай пра паэта Алега Мінкіна. Я думаю, што сёння ў Беларусі немагчыма напісаць пра яго праўдзівую кнігу. Як ідзе праца?

Сяргей Кавалёў: У нас увогуле вельмі мала ў апошнія часы з’яўляецца кніг пра сучасную літаратуру, нават артыкулаў пра сучасную літаратуру. Прыгадаць якія-небудзь навуковыя манаграфіі пасля манаграфіі пра Алеся Разанава вельмі цяжка. Калісьці з’яўляліся манаграфіі ў 70-х – 80-х гадах. Горшыя, лепшыя, але яны з’яўляліся пра паэзію.

Я пра Мінкіна напісаў найбольш. У задуме гэта недзе кніга. Але пакуль гэта некалькі артыкулаў. Так атрымалася, што я задумаў напісаць кнігу пра Анатоля Сыса. І ўжо пачаў яе пісаць. Як раз паспеў яшчэ пасядзець у бібліятэцы ў Менску, паразмаўляць з людзьмі, якія яго ведалі. Не толькі свае асабістыя досведы і матэрыялы сабраў. І ў пэўны момант, апублікаваўшы тры ці чатыры артыкулы, я зразумеў, што я не магу напісаць пра Сыса, не напісаўшы, напрыклад, пра Зніча, пра яго дысідэнцкую паэзію пачатку 80-х гадоў, пра Мінкіна, таму што ў пэўным сэнсе яны былі ягонымі не толькі сучаснікамі, але і папярэднікамі. А што датычыць Алега Мінкіна, то ён эстэтычна мне бліжэйшы, напрыклад, ягоная паэзія. Калісьці я ўжо пісаў, што я вельмі люблю і шаную паэзію Анатоля Сыса. Аднак, калі яшчэ Толя быў жывы, то я яму казаў, што ў мяне ўзнікае такое ўражанне, што табе чытач не патрэбны, магчыма табе патрэбны слухач, але такое ўяўленне, што кнігу Сыса чытае адразу некалькі людзей, альбо як ён казаў, натоўп. А чытач Мінкіна – гэта індывідуальны чытач. Калі чытаеш яго паэзію, нібыта яна напісана менавіта для цябе і ты сам-насам з паэтам.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя