Сяргей Харэўскі пра феномен віцебскага мастацтва



Сто гадоў таму мастакі стварылі ў Віцебску рух „Сцвярджальнікаў новага мастацтва”. Да іх належалі вядомыя цяпер ва ўсім свеце: Марк Шагал, Юдаль Пэн, Казімір Малевіч ды іншыя. 

„Госць Рацыі” – літаратар, гісторык мастацтва і выкладчык ЕГУ Сяргей Харэўскі:

– Мяне завуць Сяргей Харэўскі, я мастацтвазнаўца, выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Гэтым разам мяне запрасілі сябры, як сябра ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў, узяць удзел менавіта ў гэтым фэсце зважаючы на тое, што я з’яўляюся аўтарам некалькіх кніжак прысвечаных гісторыі мастацтва. Перадусім гэта гісторыя мастацтва і архітэктуры 20-га стагоддзя. Сёлета ў свеце шырока адзначаюць 100-годдзе творчага аб’яднання „УНОВИС” (Утвердители нового искусства), што было ўтворана ў Віцебску вучнямі Казіміра Малевіча. Я палічыў добрай нагодай пазнаёміць з гэтым феноменам, нагадаць пра гэты феномен сваім калегам гарадзенцам.

РР: Чаму менавіта Віцебск?

–  Я буду казаць не толькі пра Віцебск, я буду казаць пра Менск. У сувязі з феноменам так званага рэвалюцыйнага мастацтва. Віцебск насамрэч быў унікальным месцам. З пачаткам Першай сусветнай вайны горад вырас амаль у тры разы. Гэта горад, у якім раней, напрыклад, за Маскву ці Пецярбург з’явіўся трамвай, першы ў Расейскай імперыі ліфт і маса розных іншых тэхнічных навінак. На пачатку 20-га стагоддзя Віцебск лічыўся сінонімам раскошы, люксусу, усяго самага новага, мадэрнага – з-за таго, што праз Віцебск прайшлі дзве лініі чыгункі. З падзеямі Першай сусветнай вайны Віцебск стаў фактына адзінымі варотамі Расейскай імперыі на Захад, праз якія вывозілася траціна расейскага імпарту збожжа, драўніны і г. д. Праз Віцебск на Усход сышлі сотні тысяч уцекачоў з Заходніх губерняў і наадварот, тысячы людзей з нетраў Еўразіі імкнуліся прарвацца скрозь лінію расейска-германскага, а пасля бальшавіцка-польскага фронту на Захад. Вось гэта завіруха падзеяў Першай сусветнай вайны, а пасля бальшавіцка-польскай вайны, сабрала ў Віцебску ўнікальных людзей, унікальную плеяду літаратараў, філосафаў і натуральна мастакоў. У гэтай каламесі ўтварыўся гэты феномен, які ўтварыўся канешне не на пустым месцы. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Сяргей Харэўскі прачытаў у Гародні на фэсце „Прадмова” тэматычную лекцыю.

Беларускае Радыё Рацыя