Сяргей Харэўскі: У Полацку можна вывучаць беларускае мастацтва
Заняпад гуманітарнай адукацыі ў Беларусі трэба ліквідаваць з дапамогай уласных ініцыятываў і навучанняў.
Культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі такім месцам, дзе можна вывучаць беларускае мастацтва, называе Полацкую мастацкую галерэю:
– У Полацку цудоўная галерэя, у якой сабраныя творы выдатных мастакоў. Там фактычна амаль уся беларуская класіка сабраная. Чалавек, які пазнаёміцца з гэтай Полацкай мастацкай галерэяй, можа мець, калі не поўнае, то дастатковае ўяўленне пра тое, што такое мастацтва ў Беларусі.
Полацкая мастацкая галерэя была заснавана ў 1981 годзе. З 2002 года яна месціцца ў адным з карпусоў былой Полацкай езуіцкай акадэміі. Пастаянная экспазіцыя галерэі знаёміць з развіццём мастацтва Беларусі, пачынаючы з раздзела „Сценапіс XII—XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскай царквы” і заканчваючы ўзорамі сучаснага беларускага мастацтва.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
