Сяргей Пшыркоў прыгадаў Дубоўку, Буйла, Лойку і Геніюш…
Сын доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Юльяна Пшыркова Сяргей Пшыркоў наведаў Слонім. Ён даўно жыве і працуе ў Расіі ў Падмаскоўі. Свой лёс звязаў з хіміяй. Штогод Сяргей Пшыркоў прыязджае ў Менск у бацькоўскі дом, дзе цяпер жыве яго родная сястра. Але бываючы ў Менску, ён ніколі не мінае Слонім.
“Мой бацька ўсё жыццё шчыра сябраваў з пісьменнікам, доктарам філалагічных навук, прафесарам са Слоніма Алегам Лойкам. Бацька першы раз мяне прывёз у Слонім у 1958 годзе. Я часта з ім гасціў у Алега Антонавіча. А калі не стала бацькі, адзін прыязджаў да яго. А цяпер прыязджаю ў Слонім на магілу Алега Лойкі – выдатнага і таленавітага чалавека”,– сказаў Сяргей Пшыркоў.
У Слоніме Сяргей Пшыркоў сустрэўся з пісьменнікам Сяргеем Чыгрыном, дзе яны разам прыгадалі і Юльяна Пшыркова, і Алега Лойку. Сяргей Пшыркоў выдатна размаўляе па-беларуску, шмат ведае пра лёс літаратараў, якія сябравалі з яго бацькам. Сам асабіста быў знаёмы і не раз сустракаўся ў Уладзімірам Дубоўкам, Канстанцыяй Буйла, з дачкой Адама Бабарэкі Алесяй Бабарэка. Цяпер падтрымлівае сувязі з дачкой Алега Лойкі Антанінай, якая жыве ў Маскве, і якая пару гадоў таму абараніла доктарскую дысертацыю.
Сяргей Пшыркоў і Сяргей Чыгрын наведалі таксама Зэльвеншчыну, пабывалі каля Сынковіцкай царквы. Калі вярталіся ў Слонім, Сяргей Пшыркоў прыгадаў Ларысу Геніюш. Ён сказаў: “Мой бацька пісаў прадмову да кнігі Ларысы Геніюш “Невадам з Нёмана” у 1967 годзе. Ніхто не хацеў пісаць: ці то баяліся, ці то былі іншыя прычыны. Не ведаю. А бацька напісаў. Я нават памятаю з прадмовы апошні абзац: “Лёс Ларысы Геніюш быў цяжкім і цярністым, нямала давялося выпіць горычы. I зараз, з філасофскай разважлівасцю ацэньваючы мінулае, паэтэса прыходзіць да вываду, што жыццё непераможнае ў сваім поступе і трэба змагацца за яго”.
Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя, Слонім
Фота аўтара.