Сяргей Пясецкі ў беларускіх перакладах
Падчас восьмай сустрэчы з цыкла „Санаторый пад клепсідрай” пойдзе размова пра Сяргея Пясецкага (1901-1964), знакамітага польскага літаратара беларускага паходжання, аўтара, якому выпаў неймаверна пакручасты чалавечы і пісьменніцкі лёс. “Лясны брат”, агент-выведнік (ці нават падвойны агент), кантрабандыст, крымінальнік і вязень у найсуровейшай польскай турме.
Ён зведаў, што часам добрыя словы і рэвальвер дапамагаюць лепш, чым проста добрыя словы. Але ў найцяжэйшай сітуацыі мастацкае слова можа перамагчы і выратаваць. Бо асуджаны, што нават не ведаў добра польскай мовы, перамяніў свой лёс і зрабіўся сусветна вядомым пісьменнікам у міжваеннай Польшчы, а потым у эміграцыі. Як жылі кантрабандысты ў час, калі Менск і Ракаў належалі розным краінам? Як Ракаў зрабіўся месцам, дзе працавалі сто рэстаранаў і кавярняў з аркестрам? Як астраномія дапамагае ў крымінальным бізнэсе і ў каханні? Як зацяты антысаветчык “улез у скуру” афіцэра Чырвонай арміі і што з гэтага выйшла? Чаму “менская” трылогія так напраўду называецца “зладзейскай” і што трэба ведаць пра Менск – крымінальную сталіцу рэгіёну? Як перайсці мяжу між бульварным чытвом і высокім пісьменствам, абмінуўшы ўсе літаратурныя пасткі? Як пісаць вершы на блатной фені? Які культавы твор беларускай музыкі натхнёны лёсам і творамі Пясецкага? Пра гэта і шмат чаго іншага Андрэй Хадановіч паразмаўляе з перакладчыцай двух раманаў Пясецкага Марыяй Пушкінай.
Сустрэча ў прамым эфіры традыцыйна ў аўторак – 23 чэрвеня а 17-ай на старонцы Польскага Інстытута ў Менску ў Фэйсбуку
Паводле прэс-рэлізу