Сяргей Тарасаў перадаў у Полацкі музей-запаведнік палявыя дзённікі археолагаў Мітрафанава і Штыхава
Унікальныя экспанаты для будучага полацкага музея археалогіі перадаў гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў. Ён прывёз у Полацак палявыя дзённікі славутых археолагаў, якія даследавалі Полацак – Георгія Штыхава і Аляксея Мітрафанава.
Гаворыць Сяргей Тарасаў:
– Георгій Васільевіч Штыхаў мне перадаў дзённікі, якія вялі ўласнаручна, пачынаючы з 1959 года, спачатку Аляксей Рыгоравіч Мітрафанаў, гэта раскопкі ў Полацку на Верхнім замку, потым пераняў у яго ініцыятыву Георгій Васільевіч Штыхаў. Дзённікі раскопак Штыхава на старажытным полацкім гарадзішчы і на Верхнім замку, вось гэтыя знакамітыя раскопкі 60-х гадоў, якія ляглі ў аснову ягонай манаграфіі “Старажытны Полацк” 1975 года.
Сёлета Полацкаму музею-запаведніку горад перадаў будынак раённай міліцыі, які ў XIX стагоддзі належыў францішканскаму кляштару. У гэтым помніку архітэктуры і паўстане археалагічны музей.
Беларускае Радыё Рацыя